
23 красавіка 2021 года ў музеі «Беларуская хатка» адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «На струнах душы».
Выстава прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка). Шматгранны талент генія раскрываецца праз экспанаты выставы. Паэт, які першым стаў пісаць «белыя вершы» і верлібры, чые паэтычныя творы ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Празаік, які стварыў запамінальныя вобразы ў лірычных імпрэсіях, апавяданнях, аповесцях. Драматург, сцэнічнае ўвасабленне твораў якога ўражвае сваёй яскравасцю і глыбінёй. Дзіцячы пісьменнік, што знайшоў воклік у душы кожнага дзіцяці. Змітрок Бядуля – рэдактар, публіцыст, крытык, перакладчык. Яго неацэнная літаратурная спадчына захоўваецца ў фондах розных музеяў. Але зараз з’явілася магчымасць пазнаёміцца з рукапіснымі аўтографамі яго твораў, фотаздымкамі, дакументамі, эпісталярыямі. Выстава разгарнецца ў доме, дзе з канца 1915 па 1919 год жыў Змітрок Бядуля, а цяпер размчяшчаецца музей “Беларуская хатка”.
Экспанаванне працягнецца з 23 красавіка па 31 жніўня 2021 года.
г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19
Кантактны тэлефон: +375 (17) 375-52-13