Рубрыка “Беларускія пісьменнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”
ПАЎЛЮК ПРАНУЗА
паэт, перакладчык
18 сакавіка 1918 – 14 сакавіка 2007
Паўлюк Прануза належыць да пакалення паэтаў, прайшоўшых дарогамі вайны. Павел Кузьміч служыў у зенітнай артылерыі, быў намеснікам камандзіра гарматы. Прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Дайшоў да Берліна і ў 1945 годзе штурмаваў рэйхстаг, на якім адным з першых распісаўся ў знак перамогі над фашызмам.
Узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі.
З успамінаў П.Пранузы:
“Аб вайне мы ведалі з кніг, з кінафільмаў. І вось яна, ненажэрная, лютая, дыхнула нам у твары дымам, полымем, смерцю. Мы пайшлі па розных дарогах, але да адной мэты – насустрач перамозе над лютым ворагам. <…> Будучы далёка ад роднага краю, у акопах і зямлянках я пісаў вершы. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Некаторыя з іх друкаваліся ў франтавой газеце “На разгром врага”. Некалькі вершаў паслаў у Маскву, дзе выдавалася газета “Савецкая Беларусь”. Аднойчы ў акоп прынеслі важкі канверт. Я раскрыў яго і замёр у здзіўленні: там была паштоўка ад Кузьмы Чорнага і яго зборнічак “Кат у белай манішцы”. У нашым аддзяленні служылі беларусы, рускія, украінцы. Мы не зважалі, што побач ірвуцца варожыя снарады, – чыталі фельетоны Кузьмы Чорнага. У сваім пісьме Кузьма Чорны даваў мне парады, разбіраў мае вершы і жадаў хутчэй быць на роднай вызваленай зямлі…”.
Пражытае і перажытае паэт-франтавік адлюстроўваў ва ўласных вершах. Твор за творам, ён вёў паэтычны рэпартаж з перадавой. Дакладна пра яго тагачасную творчасць сказаў Аляксей Пысін: “Чытаў я і перачытваў паэтычны дзённік, які ствараўся ў акопах і зямлянках у час нядоўгіх перадышак паміж баямі. Блізкай і зразумелай была мне споведзь франтавіка. Вершы стройныя, падцягнутыя, нібы адзетыя ў салдацкую гімнасцёрку…”.
Для твораў П.Пранузы характэрны канкрэтнасць, дакладнасць у апісанні кожнай з’явы і факта. Яго вершы не шматслоўныя, звычайна кароткія, але ў кожным з іх адпаведны змест, сюжэтная лінія, якая звязвае ўвесь твор.
У 1946 годзе выйшла першая кніга Паўлюка Пранузы “Разгневаная зямля”. За гады творчай працы былі выдадзены зборнікі “Добрай раніцы” (1951), “У дальнім раёне” (1954), “Мае землякі” (1957), “Калі верыш” (1963), “Родныя мясціны” (1968), “Непаўторнасць” (1974), “Трываласць” (1978), “Сустрэчы” (1983), “Мой аўтограф” (1988), “Рукі салдата” (1990), “Памяць, памяць…” (1994) і інш. Свайму сябру, земляку, паэту-франтавіку Міколу Сурначову, які загінуў у час вайны, прысвяціў зборнік вершаў і ўспамінаў “Акопны спеў” (1986).
У гэтых творах адлюстравана біяграфія маладога франтавога пакалення, праца беларускага народа ў пасляваенныя гады, услаўленне яго подзвігу, вернасць грамадзянскаму абавязку і маральна-этычным ідэалам.