Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

17 лютага адбылося адкрыццё экспазіцыі “Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах”

17 лютага 2021 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах”, падрыхтаванай сумесна з дзяржаўнай установай “Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці” ў межах музейнага праекта “Рэгіёны”.

Новая экспазіцыя – падарожжа ў чароўны, неверагодны сусвет беларускіх маляваных дываноў – стане сапраўдным падарункам для наведвальнікаў музея, а для кагосьці і нечаканым адкрыццём цудоўнага майстэрства, якое ў сучаснай Беларусі з’яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны: “Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я” ў 2016 годзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны.

Экспазіцыя прадстаўляе калекцыю маляваных дываноў з 14 раёнаў Віцебскай вобласці. Кожная работа – гэта ўвасабленне твораў фальклорнай літаратурнай спадчыны Беларусі – легенд, паданняў і казак.

Падчас адкрыцця прагучалі прывітальныя  словы дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Іванавіча Усіка і дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Кацярыны Пятроўны Лабука, якая перадала ў фонды музея мастацкі каталог  “Талент шчырага сэрца” і зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі IV Нацыянальнай выставы наіўнага мастацтва, прысвечанай 125-годдзю Марка Шагала, “Мастацтва прымітыву і яго формы ў сучаснай культуры”.  Расповедамі пра свае творчыя пошукі падчас работы над стварэннем маляванак падзяліліся мастачкі Ірына Церашкова, Жана Ільюшкіна, Таццяна Даўлетшына і Таццяна Лапкова. Цікавую агладную экскурсію па гісторыі інсітнага мастацтва Віцебшчыны правяла Людміла Уладзіміраўна Вакар, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Пасля прагляду экспазіцыі свае меркаванні і думкі пра яе выказалі ганаровыя госці –  Рыгор Фёдаравіч Шаура, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, член Саюза мастакоў Беларусі, і Яўген Міхайлавіч Сахута  — беларускі мастацтвазнаўца і этнолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Арганізатарам выставы было вельмі прыемна пачуць высокую адзнаку мастацкага ўзроўню калекцыі экспазіцыі.

Кантакты: (017) 363-56-21, г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Close Menu