Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

15 ліпеня Літаратурны музей Максіма Багдановіча прэзентуе новую выставу

2021 год багаты на юбілейныя і святочныя даты ў багдановічазнаўстве – сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння геніяльнага пісьменніка Максіма Багдановіча, 40-годдзе з дня стварэння музея паэта ў Мінску і 30-годдзе адкрыцця экспазіцыі ў мемарыяльным музеі “Беларуская хатка”.

Вельмі важная падзея ў жыцці Максіма Багдановіча адбылася ў 1911 годзе (110 гадоў таму) – першая, пасля доўгага растання, сустрэча з радзімай. Тады паэт наведаў Вільню, некалькі месяцаў жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечна. Гэты перыяд у творчым плане стаў адным з самых плённых для Максіма, за некалькі летніх месяцаў ён напісаў два цыклы вершаў “Места”, “Старая Беларусь” і паэмы – “У вёсцы”, “Вераніка”. Аднакласнік і лепшы сябра Дзіядор Дзябольскі ва ўспамінах падкрэсліў, што “толькі пасля гэтай паездкі Максім адчуў i зразумеў, што ён сапраўды беларускі паэт”.

Напрыканцы ліпеня ў мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі і песні. Але мы ўжо зараз прапануем пазнаёміцца з гэтым цёплым, утульным музеем праз мастацкія працы і фотаздымкі Генадзя Чыстага. Генадзь Рыгоравіч – вядомы ў Беларусі і за яе межамі мастак-афарміцель музейных экспазіцый, яго лёс непарыўна звязаны з музеямі, прысвечанымі Максіму Багдановічу. Г.Чысты – аўтар мастацкай канцэпцыі першай экспазіцыі Дома-музея М.Багдановіча ў Яраслаўлі, менавіта ён стаў аўтарам мастацкай канцэпцыі экспазіцыі музея ў Ракуцёўшчыне.

Маленькая беларуская вёсачка і яе маляўнічыя ваколіцы, крынічка, што помніць Максіма, і старажытныя архітэктурныя перліны суседняга Краснага натхнілі Генадзя Чыстага на стварэнне цыкла мастацкіх работ. Тонкія акварэльныя замалёўкі дазваляюць нам, гарадскім жыхарам, дакрануцца да вольнага жыцця, заўважыць прыгажосць у самых простых з’явах, убачыць буйства красак лета і шчырыя дары восені.

Другая частка выставы – гэта фотаздымкі Генадзя Чыстага, зробленыя ім пад час працы над экспазіцыяй музея “Фальварак Ракуцёўшчына”. Можна ўбачыць фрагменты экспазіцыі “Дома арандатара” і “Дома гаспадара”, які захаваўся з часоў Максіма, паспрабаваць адчуць гасцінную атмасферу старога дома і яго гаспадара Вацлава Лычкоўскага, адчуць смак гарбаты, якой частавала Максіма пляменніца гаспадара Эмілія Шабуня.

Прэзентацыя выставы адбудзецца

15 ліпеня 2021 года а 17-й гадзіне

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл.: (017) 355 22 95

maksimbagdanovich@gmail.com

Генадзь Рыгоравіч Чысты – член Беларускага саюза мастакоў, вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Нарадзіўся ў Мінску 5 красавіка 1947 года, у 1968 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працуе ў розных тэхніках (акварэль, пастэль), аўтар цудоўных пейзажаў, нацюрмортаў, серыі мастацкіх прац – партрэтаў музейных супрацоўніц.

У музейную сферу Генадзь Чысты прыйшоў у 1980-я, як мастак-афарміцель ствараў экспазіцыі наступных музеяў:

  • Ашмянскі краязнаўчы музей;
  • Дом-музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі (Paciя);
  • Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах;
  • Лiтаратурны музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах;
  • Мемарыяльны музей Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне;
  • Дома-музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне;
  • Музей-запаведнік Янкі Купалы ў Вязынцы;
  • Крычаўскі краязнаўчы музей.

Генадзь Рыгоравіч аўтар мастацкіх канцэпцый і стваральнік шматлікіх выставачных праектаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Літаратурнага музея Петруся Броўкі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

Close Menu