
2021 год багаты на юбілейныя і святочныя даты ў багдановічазнаўстве – сёлета адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння геніяльнага пісьменніка Максіма Багдановіча, 40-годдзе з дня стварэння музея паэта ў Мінску і 30-годдзе адкрыцця экспазіцыі ў мемарыяльным музеі “Беларуская хатка”.
Вельмі важная падзея ў жыцці Максіма Багдановіча адбылася ў 1911 годзе (110 гадоў таму) – першая, пасля доўгага растання, сустрэча з радзімай. Тады паэт наведаў Вільню, некалькі месяцаў жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечна. Гэты перыяд у творчым плане стаў адным з самых плённых для Максіма, за некалькі летніх месяцаў ён напісаў два цыклы вершаў “Места”, “Старая Беларусь” і паэмы – “У вёсцы”, “Вераніка”. Аднакласнік і лепшы сябра Дзіядор Дзябольскі ва ўспамінах падкрэсліў, што “толькі пасля гэтай паездкі Максім адчуў i зразумеў, што ён сапраўды беларускі паэт”.
Напрыканцы ліпеня ў мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі і песні. Але мы ўжо зараз прапануем пазнаёміцца з гэтым цёплым, утульным музеем праз мастацкія працы і фотаздымкі Генадзя Чыстага. Генадзь Рыгоравіч – вядомы ў Беларусі і за яе межамі мастак-афарміцель музейных экспазіцый, яго лёс непарыўна звязаны з музеямі, прысвечанымі Максіму Багдановічу. Г.Чысты – аўтар мастацкай канцэпцыі першай экспазіцыі Дома-музея М.Багдановіча ў Яраслаўлі, менавіта ён стаў аўтарам мастацкай канцэпцыі экспазіцыі музея ў Ракуцёўшчыне.
Маленькая беларуская вёсачка і яе маляўнічыя ваколіцы, крынічка, што помніць Максіма, і старажытныя архітэктурныя перліны суседняга Краснага натхнілі Генадзя Чыстага на стварэнне цыкла мастацкіх работ. Тонкія акварэльныя замалёўкі дазваляюць нам, гарадскім жыхарам, дакрануцца да вольнага жыцця, заўважыць прыгажосць у самых простых з’явах, убачыць буйства красак лета і шчырыя дары восені.
Другая частка выставы – гэта фотаздымкі Генадзя Чыстага, зробленыя ім пад час працы над экспазіцыяй музея “Фальварак Ракуцёўшчына”. Можна ўбачыць фрагменты экспазіцыі “Дома арандатара” і “Дома гаспадара”, які захаваўся з часоў Максіма, паспрабаваць адчуць гасцінную атмасферу старога дома і яго гаспадара Вацлава Лычкоўскага, адчуць смак гарбаты, якой частавала Максіма пляменніца гаспадара Эмілія Шабуня.
Прэзентацыя выставы адбудзецца
15 ліпеня 2021 года а 17-й гадзіне
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл.: (017) 355 22 95
Генадзь Рыгоравіч Чысты – член Беларускага саюза мастакоў, вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Нарадзіўся ў Мінску 5 красавіка 1947 года, у 1968 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працуе ў розных тэхніках (акварэль, пастэль), аўтар цудоўных пейзажаў, нацюрмортаў, серыі мастацкіх прац – партрэтаў музейных супрацоўніц.
У музейную сферу Генадзь Чысты прыйшоў у 1980-я, як мастак-афарміцель ствараў экспазіцыі наступных музеяў:
- Ашмянскі краязнаўчы музей;
- Дом-музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі (Paciя);
- Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах;
- Лiтаратурны музей Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах;
- Мемарыяльны музей Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне;
- Дома-музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне;
- Музей-запаведнік Янкі Купалы ў Вязынцы;
- Крычаўскі краязнаўчы музей.
Генадзь Рыгоравіч аўтар мастацкіх канцэпцый і стваральнік шматлікіх выставачных праектаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Літаратурнага музея Петруся Броўкі, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.