Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

125 год з дня нараджэння Ільі Гурскага

26 красавіка нарадзіўся Ілья Данілавіч Гурскі (1899 – 1972) – беларускі пісьменнік, драматург, Заслужаны дзеяч культуры БССР.

У пачатку творчай дзейнасці Ілья Гурскі пісаў у асноўным драматургічныя творы: п’есы “Дрыгва” (1928), “Качагары” (1930), “Новы горад” (1932), “Маці” (1934), “Патрыёты” (1939), “Хлеб” (1949), “Свае людзі” (1950), п’еса для дзяцей “Сварка” (1929), радыёп’еса “На крэсах усходніх” (1933), аднаактовыя п’есы “На варце” (1938) і “Клад” (1941) і інш. Многія з твораў аўтара былі пастаўлены аматарскімі драматычнымі гурткамі.

Апавяданні Гурскі пачаў пісаць з 1934 года. Для іх, як і для п’ес аўтара, характэрны тэмы індустрыялізацыі і калектывізацыі, калгаснага жыцця. Аўтар нярэдка выкарыстоўваў фальклор: казкі, прыказкі, прымаўкі, што надавала тэкстам большую метафарычнасць.

Выйшлі кнігі яго апавяданняў “Над Нёманам” (1945), “На родных гонях” (1948), “Зары насустрач” (1949), “Неспакойныя характары” (1955), “У вялікай дарозе” (1958), “Родная дарога” (1961), аповесці “Лясныя салдаты” (1945). Асноўная тэма пасляваеннай творчасці пісьменніка – барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтаму прысвечаны многія творы, у тым ліку аповесць “Лясныя салдаты” і раман “У агні” (1952). Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі расказваецца ў рамане-хроніцы “Вецер веку” (1966). У кнігах аўтара вельмі часта сюжэт пабудаваны на фактычным матэрыяле.

Імем Ільі Гурскага названа вуліца ў Мінску, на будынку, дзе жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носіць Нёманская сярэдняя школа (в. Магільна, Уздзенскі раён).

Пачатак фарміравання архіва пісьменніка ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паклала жонка І.Гурскага, Марыя Якаўлеўна, якая ў 1989 г. перадала фатаграфіі пісьменніка. Пасля асабісты фонд пісьменніка папоўніўся дакументамі, газетамі, часопісамі, кнігамі і кнігамі з аўтографамі І.Гурскага В.Вітку, У.Карпаву, А.Астрэйку і сёння налічвае 70 адз. захоўвання.

Close Menu