Цыкл адкрытых лекцый
Святланы Воцінавай
“Сны самотнага дзьмухаўца:
па старонках біяграфіі Элізы Ажэшкі”
Пра Ажэшку без пафасу: як пра чалавека, а не бронзавы бюст.
5 чэрвеня 2019 г. а 18-й у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца першая з цыкла адкрытых лекцый Святланы Воцінавай “Сны самотнага дзьмухаўца: па старонках біяграфіі Элізы Ажэшкі”.
Кожную сераду на працягу чэрвеня і ліпеня Святлана Воцінава, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, даследчыца жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі запрашае на свае лекцыі ўсіх зацікаўленых. Кожная лекцыя прысвечана пэўнаму перыяду жыцця беларускай польскамоўнай пісьменніцы, грамадзкай дзяячцы і пэдагога эпохі пазытывізму.
5-га чэрвеня – лекцыя першая: “Эльжбета – Эльзюня – Эліза” (6 чэрвеня 1841 г. – май 1856 г.: ад нараджэння да выпуску з Варшаўскага пансіёна).
Другая дачка ў сям’і Бенедыкта і Францішкі (з Каменскіх) Паўлоўскіх, пры хрышчэнні яна атрымала імя ў гонар бабкі па маці – Альжбета. Але ў доме яе называлі Эльзюняй, ці Зюняй. Пансіён пры Варшаўскім манастыры ператворыць яе ў Элізу…
- Як выхоўваліся Клемянцінка і Зюня Паўлоўскія: у што гулялі, што чыталі, з кім сябравалі?
- Што ўтойвалі ад іх старыя партрэты і шафы, і што яны самі ўтойвалі ад дарослых?
- Вяселлі і пахаванні.
- Што падказалі старыя магілы?
- Чаму Варшава, а не Вільня? Чаму бабка, а не maman? Тузін і яшчэ адзін: аргументы ў апраўданне “дэспатычнай” пані Францішкі.
Захапляльныя і кранальныя эпізоды першых пятнаццаці гадоў жыцця пісьменніцы, сёе-тое ў новых ракурсах.
Кошт: уваходны квіток у музей.
Калі: 5 чэрвеня 2019 г. а 18-й гадзіне.
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).
Даведкі па тэл.: (17) 334 56 21