
1 красавіка 2021 года а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “40 / 40”.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча 1 красавіка адзначае 40 гадоў з дня стварэння і пачатку сваёй дзейнасці. На мастацка-дакументальнай выставе прадстаўлены знакавыя прадметы з фонду Максіма Багдановіча за кожны год існавання музея – 40 прадметаў з 1981 па 2021 гады.
Музей пачынаўся не з калекцыі, не з канкрэтнага ўнікальнага экспаната, а з ідэі аб неабходнасці ўвекавечвання памяці славутага сына Беларусі, мемарыялізацыі яго спадчыны. З самага пачатку ён дзейнічаў як сістэма, што знаходзіцца ў цеснай сувязі з разнастайнымі літаратуразнаўчымі, навуковымі, музейнымі ўстановамі.
За сорак гадоў існавання Літаратурны музей Максіма Багдановіча папоўніў свой фонд да 21 000 адзінак. Сабраныя ў музеі экспанаты дазваляюць распавядаць аб станаўленні і развіцці беларускай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, месцы і ролі ў гэтым працэсе Максіма Багдановіча, адлюстроўваць складаны і шматгранны працэс засваення класічнай літаратурнай спадчыны ў духоўным жыцці грамадства.
Літаратурны музей прысвечаны Максіму Багдановічу – Чалавеку і Паэту…
У кожнага з нас – свой Максім Багдановіч, але ў музеі пісьменніка кожны наведвальнік адкрывае яго наноў – розумам і сэрцам!
Выстава працуе з 1 па 28 красавіка 2021 года
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
Тэлефоны: 8 (017) 355-22-95, 8 (017) 363-07-61