Творчы вечар Анхелы Эспіносы Руіс
у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
4 кастрычніка 2018 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся творчы вечар Анхелы Эспіносы Руіс (ісп. Ángela Espinosa Ruiz, нар. у 1993 г.) – навукоўцы, даследчыцы беларускай літаратуры, беларускай паэткі, перакладчыцы беларускай паэзіі на іспанскую мову. Паводле вызначэння самой Анхелы, “паэткі з іспанскім пашпаратам і беларускім сэрцам”.
На вечары прысутнічалі даследчыкі, літаратары, выдаўцы. Пазнаёміцца з любімай паэткай прыйшлі прыхільнікі яе творчасці.
З вітальным словам ад Музея гісторыі беларускай літаратуры выступіў дырэктар Дз.Л. Яцкевіч.
Анхела Эспіноса Руіс распавяла, як адбывалася яе “паглыбленне” ў беларускую культуру і літаратуру, вынікам чаго сталі навуковыя працы: магістарская дысертацыя “Мастацкі свет паэзіі Міхася Стральцова” (Варшава) і міжнародная кандыдацкая дысертацыя “Матывы фальклорнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Г.А. Бекера”, якую яна цяпер піша пры ўніверсітэце Камплутэнсе ў Мадрыдзе. Анхела актыўна выступае на кангрэсах і канферэнцыях з дакладамі на тэматыку беларускай літаратуры. З 2015-га па 2017 год выдала два паэтычныя зборнікі – “Раяль ля мора” (2015) і “Pomme de ciel” (2017), адзін электронны зборнік “Памяць пра будучыню” (2015) і двухмоўны зборнік выбраных вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на іспанскую мову “Ecos de mi tierra/Згукі маёй бацькаўшчыны” (2017). З лістапада 2016 года вядзе аўтарскую калонку ў часопісе “Маладосць”.
Адкрытая да камунікацый, паэтка з радасцю адказвала на пытанні прысутных і чытала свае вершы па-беларуску, а вершы Максіма Багдановіча – у сваіх перакладах на іспанскую мову.
Немагчыма было не захапляцца яскравасцю і шматграннасцю асобы 25-гадовай творцы, пра што і гаварылі прысутныя: адказны сакратар часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка і галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч (абодва выданні друкуюць вершы Анхелы Эспіносы Руіс), старшыня Беларускага саюза мастакоў, паэт Рыгор Сітніца.
Пра сустрэчу ў музеі паразважае ў бліжэйшым выпуску аўдыяблогу “Роздум” галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Якаўлевіч Гальпяровіч, анонс аб чым ён размясціў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”:
“Пакуль святла хапае на зямлі…”
З Іспаніі – па-беларуску
“Нябеснай калыханкай засынае
Павольна сонца між духмяных руж,
І ззяе зорка закаханых душ,
Вятрыска ў летнім садзе заціхае…”
Верш гэты прысвечаны Міхасю Стральцову, а напісала яго Анхела Эспіноса Руіс.
Анхела нарадзілася і вырасла ў Андалузіі, і для яе снег, зіма, смаленне вепрука ў беларускай вёсцы было, відаць, такой экзотыкай, як для нас цёплыя марскія хвалі на іспанскім узбярэжжы. Тым не менш проза і вершы беларускага творцы яна зразумела і адчула як нешта вельмі блізкае і роднае.
Пра цудоўную сустрэчу з маладой зоркай беларускай паэзіі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры думаю распавесці ў бліжэйшым выпуску майго “Роздуму” на першым канале Беларускага радыё”.
Эліна Свірыдовіч,
загадчык навукова-асветніцкага аддзела