Цэнтр беларускай культуры адкрыў новы творчы сезон
7 верасня 2018 года канцэртам у зале Даўгаўпілскага ўніверсітэта адбылося адкрыццё новага творчага сезона Цэнтра беларускай культуры.
Культура кожнага народа пачынаецца з мовы, буквара, пісьменства, літаратуры і адукацыі. Усе гэтыя вечныя каштоўнасці абазначаныя ў календары святаў – Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства, 400-годдзе беларускага буквара; і менавіта ім быў прысвечаны пачатак новага творчага сезона Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
Урачыстасць адкрыў консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, які адзначыў важнасць захавання сваёй нацыянальнай культуры.
Мерапрыемства прадоўжылася прэзентацыяй перасоўнай выставы “Жыццё ў Слове” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск), якую прадставіў супрацоўнік установы Андрэй Мельнікаў. 11 стэндаў, падрыхтаваных на аснове навуковых даследаванняў, распавядаюць пра гісторыю беларускай мовы і літаратуры. Паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, і гэта ўжо шостая літаратурная выстава з Беларусі ў Даўгаўпілсе.
У Цэнтры беларускай культуры працуе харавая капэла “Спадчына”. Апраўдваючы сваю назву, творчы калектыў пад кіраўніцтвам педагога і дырыжора Яніны Антонаўны Юзэфовіч выконвае духоўныя творы, беларускія песні, якія з’яўляюцца класікай беларускай культуры. У гэтым годзе “Спадчына” святкуе свой першы юбілей – 5 гадоў, і гэта святочная дата прайшла чырвонай ніткай праз канцэртную праграму. Ансамбль прадставіў гледачам песні, з якімі нядаўна выступаў на фестывалі “ФЭСТ” у Дагдзе і на “Вішнёвым фестывалі” ў Глыбокім (Беларусь).
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская павіншавала калектыў “Спадчыны” з юбілеем і ўручыла яго кіраўніцы Я. Юзэфовіч падзячную грамату. Сваіх сяброў добрымі словамі і музычнымі падарункамі павіншавалі ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, вакальны ансамбль “Пралескі”, тэатральная студыя “Паўлінка”, ансамбль акардэаністаў “Квітнеючы май”, бард Віталь Міхайлоўскі, паэт Станіслаў Валодзька. А госць з Беларусі Андрэй Мельнікаў выканаў пад гітару песні на словы беларускага паэта Максіма Багдановіча.
Творчы сезон Цэнтра беларускай культуры адкрыты! Сардэчна запрашаем на мерапрыемствы!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры