Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мерапрыемства «Ноч з чырвонага радка»

Мерапрыемства “Ноч з чырвонага радка” Радок чырвоны новага жыцця

Даверыш рупна аркушу паперы.

Усёй душою прагнеш адкрыцця

Любові вечнай, шчырасці і веры.

У. Мароз

19 мая 2018 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў межах Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” адбылося мерапрыемства “Ноч з чырвонага радка”. Госці музея паўдзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах, падрыхтаваных музеем разам з нашымі сябрамі.

Кожны літаратурны твор пачынаецца з чырвонага радка… Кожны раздзел, кожная глава, кожная значная думка пачынаецца з чырвонага радка… Чырвоны радок – сімвал усяго новага, усяго значнага, што ёсць у літаратуры. Гэта сімвал надзеі на светлую будучыню, на цікавае развіццё твора. І гэты новы твор мы пачалі пісаць разам у вечар суботы 19 мая.

Пад час мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі казак маладой таленавітай пісьменніцы Наталлі Харытанюк і мастачкі Вольгі Кузьміч “Казкі старога Адамкова”, пад час якой для маленькіх наведвальнікаў была праведзена віктарына, у якой  за правільныя адказы атрымоўвалі смачную ўзнагароду. Таксама была магчымасць паслухаць лекцыю ад выдатнага беларускага каліграфа Аляксея Коваля і паўдзельнічаць у майстар-класе па каліграфіі. А ў выкананні Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай і Алеся Мойскага прагучалі вершы беларускіх паэтаў. На некаторы час наведвальнікі змаглі адчуць сябе супрацоўнікамі рэдакцыі часопіса “Вожык” і стварыць уласны часопіс.

Чырвоны радок у гэтую ноч перанёс гасцей музея ў ХІХ ст. у госці да Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, дзе адбылася прэзентацыя часовай экспазіцыі “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”, да 210-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, а таксама адчулі сябе акцёрамі фарса-вадэвілі “Пінская шляхта” з дапамогай творчага калектыву “Майстэрня ўражанняў”; убачылі выступленне школы танцаў “Капітэль”, удзельнікі якой правялі майстар-клас па танцах ХІХ ст.

На працягу ўсяго мерапрыемства дзейнічала дзіцячая пляцоўка, аквагрым і беларускія настольныя гульні.

Прагучалі выступленні фальклорнага ансамбля “Баламуты” і беларускага барда Андрэя Мельнікава.

А на заканчэнне мерапрыемства “запалілі” ноч разам з рок-гуртом “:B:N:”

вядучы навуковы супрацоўнік

навукова-асветніцкага аддзела Вольга Шаўчэнка

Close Menu