Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Адкрыццё часовай экспазіцыі “Беларускі друкар Спірыдон Собаль”

10 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбылося  адкрыццё  часовай экспазіцыі Беларускі друкар Спірыдон Собаль, прысвечанай выбітнаму дзеячу беларускай асветы Спірыдону Собалю.

Спірыдон Собаль (па іншых звестках Багдановіч)  беларускі друкар i асветнік. Нарадзіўся каля 1580 –1590 гг. у Магілёве ў сям’i бурмістра. Пачатковую адукацыю атрымаў у Магілёве. Першыя спробы надрукаваць кнігі былі ў Кіеве, які быў цэнтрам мясцовай праваслаўнай мітраполіі.

Слынны магіляўчанін заснаваў першыя друкарні ў родных мясцінах: Куцейне, Буйнічах і Магілёве. З Кіева асветнік прывёз абсталяванне, неабходнае для друкарскай справы. Спірыдон Собаль выдаў адзін з першых на землях сучаснай Беларусі «Буквар». Дакладна вядома, што выданне першых кніг на Магілёўшчыне  звязана менавіта з дзейнасцю гэтага выбітнага беларускага дзеяча. Актыўная самаадукацыя i творчая праца дазволілі яму стаць адным з самых адукаваных i культурных людзей свайго часу. Значную частку свайго жыцця Спірыдон Собаль прысвяціў кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці.

На адкрыцці выступіў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь – Алесь Александравіч Суша, які распавёў пра даследаванні старадрукаў Спірыдона Собаля ў бібліятэках і зборах Еўропы. Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Мікалаевіч Бацюкоў распавёў пра каштоўныя выданні слыннага магіляўчаніна, якія сёння знаходзяцца ў фондах Музея гісторыі Магілёва і сумесную плённую працу з Музеем гісторыі беларускай літаратуры. Іван Васільевіч Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, распавёў пра неабходнасць папулярызацыі старадрукаў шляхам іх алічбавання. Навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паліна Дзмітрыеўна Скурко  расказала пра цікавыя выданні, якія захоўваюцца ў бібліятэцы, і працу аддзела над алічбаваннем старадрукаў, такіх як «Лексикон славеноросский» (прадстаўлены на часовай экспазіцыі). У гасцей адкрыцця была магчымасць сфатаграфавацца з жыхарамі Магілёва часоў Спірыдона Собаля, якія “завіталі” да нас на адкрыццё.

Праект падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі Магілёва, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я.Коласа НАН Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены рэдкія выданні XVII ст., у тым ліку прыжыццёвае выданне Спірыдона Собаля “Ліманар”, надрукаваны ў 1628 годзе ў Кіеве і інш. Часовая экспазіцыя будзе працаваць да 27 красавіка.

Запрашаем і Вас пазнаёміцца з ўнікальнымі выданнямі і асобай Спірыдона Собаля!

Малодшы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Аксана Жлобіч

Close Menu