Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Незабытыя галасы

29 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся чытацкі марафон “Незабытыя галасы”. Усе жадаючыя маглі падыйсці да мікрафона і прачытаць творы паэтаў і празаікаў, расстраляных у “чорную ноч” беларускай культуры (29-30.10.1937).

Да мерапрыемства была створана часовая экспазіцыя, якая праз фатаграфіі, дакументы і выданні 1920-1930-х гг. прадставіла паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, перакладчыкаў – прадстаўнікоў літаратуры міжваеннага часу Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Васіля Каваля, Міхася Багуна, Змітрака Астапенку, Юлія Таўбіна, Васіля Сташэўскага, Майсея Кульбака, Міхася Зарэцкага, Алеся Звонака. Акцэнтным экспанатам выставы стала Выпіска з пратакола № 9 пасяджэння прэзідыума Праўлення СП БССР ад 12 ліпеня 1957 г. аб узнаўленні пасмяротна ў правах члена Саюза пісьменнікаў з 1934 г. Васіля Сташэўскага – дакумент, які прадэманстраваў агульнасць лёсаў названых літаратараў.

Падчас вечара публіцыст і перакладчык Вольф Рубінчык перадаў у фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры білінгвістычны (на ідышы і беларускай мове) зборнік вершаў “Майсей Кульбак. Eybik/Вечна” у перакладах А. Хадановіча, Я. Семяжона, В. Макарэвіча, В. Шымука, І. Калесніка, Г. Кляўко, Хв. Жычкі, С. Гаўрусёва (Мінск, “Шах-плюс”, 2016). У зборніку ўпершыню апублікаваны пераклады Васіля Жуковіча вершаў “Лета” і “Хто блукае па садзе?..”.

Такім чынам пісьменнікі, перакладчыкі, публіцысты, літаратуразнаўцы, музейшчыкі і чытачы ўголас ушанавалі памяць ахвяр рэпрэсій канца 1930 – пач. 1950 гг.

Фота: Віка Трэнас

Незабытыя галасы

Незабытыя галасы

29 кастрычніка 1937 года, 81 год таму, былі расстраляныя больш за сто дзеячаў беларускай культуры, навукі, палітыкі, што дае падставу лічыць яго правадзейным Днём памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ужо традыцыйна менавіта ў гэты дзень ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” запрашае ўспомніць выкрасленыя, але незабытыя імёны нашай літаратуры, прыгадаць добрым словам гэтых пісьменнікаў, разгарнуць іх кнігі, перачытаць творы. Каб тое, што адбылося ў 1930-я гады, заўсёды заставалася ў нашай памяці.

29 кастрычніка мы запрашаем усіх аматараў беларускага пісьменства ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. А 18.30, у дзень памяці ахвяр палітычнага тэрору, там пройдуць літаратурныя чытанні. Прагучаць паэтычныя і празаічныя творы Анатоля Вольнага, Платона Галавача, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Міхася Зарэцкага, Мойшэ Кульбака, Тодара Кляшторнага, Юркі Лявоннага, Валерыя Маракова, Міхася Чарота і многіх іншых. Творы прачытаюць вядомыя беларускія пісьменнікі і пісьменніцы, перакладчыкі, крытыкі, публіцысты, дзеячы культуры.

Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13)

Час: 18.30

Уваход вольны.

Close Menu