29 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся чытацкі марафон “Незабытыя галасы”. Усе жадаючыя маглі падыйсці да мікрафона і прачытаць творы паэтаў і празаікаў, расстраляных у “чорную ноч” беларускай культуры (29-30.10.1937).
Да мерапрыемства была створана часовая экспазіцыя, якая праз фатаграфіі, дакументы і выданні 1920-1930-х гг. прадставіла паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, перакладчыкаў – прадстаўнікоў літаратуры міжваеннага часу Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Васіля Каваля, Міхася Багуна, Змітрака Астапенку, Юлія Таўбіна, Васіля Сташэўскага, Майсея Кульбака, Міхася Зарэцкага, Алеся Звонака. Акцэнтным экспанатам выставы стала Выпіска з пратакола № 9 пасяджэння прэзідыума Праўлення СП БССР ад 12 ліпеня 1957 г. аб узнаўленні пасмяротна ў правах члена Саюза пісьменнікаў з 1934 г. Васіля Сташэўскага – дакумент, які прадэманстраваў агульнасць лёсаў названых літаратараў.
Падчас вечара публіцыст і перакладчык Вольф Рубінчык перадаў у фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры білінгвістычны (на ідышы і беларускай мове) зборнік вершаў “Майсей Кульбак. Eybik/Вечна” у перакладах А. Хадановіча, Я. Семяжона, В. Макарэвіча, В. Шымука, І. Калесніка, Г. Кляўко, Хв. Жычкі, С. Гаўрусёва (Мінск, “Шах-плюс”, 2016). У зборніку ўпершыню апублікаваны пераклады Васіля Жуковіча вершаў “Лета” і “Хто блукае па садзе?..”.
Такім чынам пісьменнікі, перакладчыкі, публіцысты, літаратуразнаўцы, музейшчыкі і чытачы ўголас ушанавалі памяць ахвяр рэпрэсій канца 1930 – пач. 1950 гг.
Фота: Віка Трэнас