Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Безымянный2

ПОСТ-РЭЛІЗ

мерапрыемства

“Мы ўсе – з любові…”,

прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння

Ніны Мацяш

Нінa Мацяш

18 кастрычніка 2018 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося мерапрыемства “Мы ўсе – з любові…”, прысвечанае 75-годдзю з дня нараджэння паэтэсы Ніны Язэпаўны Мацяш, яскравай і таленавітай творцы беларускай зямлі. Творчасць і жыццё гэтай незвычайнай жанчыны з’яўляецца прыкладам самаадданага служэння паэзіі і радзіме.

Да мерапрыемства была створана выстаўка з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, якую прысутным прадставіла загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч. Зборнікі паэзіі і драматургіі, кнігі перакладаў, сцэнарыі да тэлеспектакляў, зборнік песень “Бэзавая завіруха”, асабістыя фатаграфіі, узоры пёркаграфіі – мастацкіх мініяцюр, створаных Нінай Язэпаўнай, ліставанне з беларускімі пісьменнікамі, якія захоўваюцца ў музейных зборах, дадалі аб’ёму партрэту паэткі. “Плынь часу не зважае ані на спевы людскія, ані на стогны, толькі безупынна ўцягвае-ўсмоктвае ўсё гэта ў звівы свае і мкне далей, а куды – хто знае-ведае?.. Усё ж, я не думаю, што час абыякавы да таго, што напаўняе яго, мне думаецца, яму таксама, як жывой істоце, хочацца быць светлым…”, — радкі з ліста Ніны Мацяш да Эдзі Агняцвет сталі лейтматывам вечара.

Творчасць для Ніны Мацяш была не проста старонкай біяграфіі, а лёсам, наканаваным звыш. Вельмі каштоўнымі ўспамінамі падзяліліся на мерапрыемстве запрошаныя госці — пісьменнікі, даследчыкі яе творчасці.

Пра знаёмства, пра дзесяткі гадоў блізкага сяброўства, пра шматлікія сустрэчы з Нінай Язэпаўнай распавёў пісьменнік Васіль Жуковіч: “З аднаго боку, Ніначка была выключна далікатнай, а з другога – вельмі прынцыповай. Яна спалучала ў сабе далікатнасць і максімалізм. Там, дзе было неабходна, яна стаяла да канца”.

Ад самых першых крокаў Ніны Мацяш у літаратуры сябраваў з ёй паэт Анатоль Вярцінскі, які падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра гэту незвычайную жанчыну і прачытаў свае любімыя вершы Ніны Язэпаўны.

Ніна Мацяш заснавала ў Белаазёрску свята паэзіі “Бабіна лета”, якое стала традыцыйным, і сёння традыцыю працягваюць яе сяброўкі – Тамара Кузняцова, загадчыца Белаазёрскай гарадской бібліятэкі, што носіць імя паэткі, і Марыя Новік, выкладчыца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Паэтка натхняла ўсіх, хто яе ведаў, усе імкнуліся прытуліцца да яе, увабраць яе духоўную сілу. Вера Буланда прачытала вершы, якія прысвяціла Ніне Язэпаўне; вершы Ніны Мацяш выканала прыхільніца яе творчасці выпускніца Ліцэя № 2 г. Мінска Аляксандра Вераб’ёва. Сапраўдным падарункам для прысутных стала пяшчотная “Калыханка маме” на словы Ніны Мацяш ў выкананні Т. Кузняцовай і М. Новік. Пра гады сяброўства і пра значнасць паэзіі Ніны Мацяш у беларускай літаратуры на вечары ўзгадвалі паэт і перакладчык Алесь Разанаў, пісьменніца Раіса Баравікова, фалькларыст, этнограф, укладальнік 80-га тома “Беларускага кнігазбору”, дзе надрукаваны выбраныя творы Ніны Мацяш, Уладзімір Васілевіч. Упрыгожылі вечар песні ў выкананні паэта Алеся Камоцкага.

Родная сястра Алена Язэпаўна Літвіна, якая, на жаль, не прысутнічала на вечары, ў аўдыёзвароце, перадала сваю ўдзячнасць ўсім, хто памятае і любіць Ніну Мацяш.

Шчыра дзякуем шаноўным выступоўцам, паважанай аўдыторыі, мерапрыемства атрымалася вельмі сардэчным і цёплым!

Алена Канапацкая,

навуковы супрацоўнік

Апошнія навіны