18 жніўня супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Петруся Броўкі прынялі ўдзел ў V Міжнародным фестывалі міфалогіі “У госці да Лепельскага цмока”. У межах дзіцячай пляцоўкі для самых маленькіх гасцей мерапрыемства была зроблена фотазона, дзе дзеці, а таксама іх бацькі маглі сфатаграфавацца ў выглядзе розных пачвар – герояў беларускай міфалогіі.
Юнакоў і дарослых чакаў другі цікавы інтэрактыў: унікальная магчымасць надрукаваць вершы Петруся Броўкі на сапраўднай пішучай машынцы. Таксама кожны зацікаўлены меў магчымасць пачуць ад супрацоўнікаў музея гісторыю пішучай машынкі і праслухаць лекцыю “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе”.
Для жыхароў і гасцей Лепеля Літаратурны музей Петруся Броўкі прывёз выставу “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе”, якая будзе экспанавацца ў Лепельскім раённым краязнаўчым музеі на працягу жніўня-верасня.