Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Адкрылася выстава «Беларусь в Первой мировой войне»

Адкрыццё сумеснай выставы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

28 жніўня 2018 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава «Беларусь в Первой мировой войне», прысвечаная 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны. Выстава з’яўляецца чарговым сумесным праектам Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На ёй прадстаўлены выданні па гісторыі Першай сусветнай вайны з фонду рэдкай кнігі бібліятэкі, фотаздымкі і ўспаміны з фондаў нашага музея.

Важнейшай часткай выставы сталі экспанаты з фондаў нашага філіяла “Літаратурны музей Максіма Багдановіча”. Тут можна пабачыць фотаздымкі малодшага брата паэта Льва Адамавіча Багдановіча ў вайсковай форме, стрыечнай сястры Наталлі Гапановіч, якая была сястрой міласэрнасці, стрыечнага брата Барыса Гапановіча, паэтэсы Зоські Верас і яе маці Эміліі Людвікаўны, сяброў і знаёмых сям’і Багдановічаў. Пагрузіцца ў тагачасную атмасферу дапамогуць паштоўкі з выявамі старога Мінска. Пра дабрачынную і гуманітарную дзейнасць беларускіх грамадскіх актывістаў апавядае ўспамін Зоські Верас “У Карпілаўку”, рукапіс якога таксама прадстаўлены на выставе.

На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіў дырэктар нашага музея Зміцер Лявонцьевіч Яцкевіч, адзначыўшы добрую традыцыю сумеснай працы музея і бібліятэкі па папулярызацыі беларускай літаратуры і гісторыі.

Загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Вольга Барысаўна Гулева распавяла пра фотаздымкі з фондаў музея і ўдзел беларускіх літаратараў і іх сваякоў у ваенных дзеяннях.

Загадчык навукова-метадычнага сектара музея Сяргей Іванавіч Бяспанскі прэзентаваў сваю кнігу «Служа примером бесстрашия: кавалеры полного Георгиевского креста — уроженцы белорусских губерний». Ён адзначыў, што ў кнізе ўпершыню прадстаўлены поўны спіс кавалераў Георгіеўскага крыжа – выдатнай баявой узнагароды Рускай Імператарскай арміі. Былі ўзгаданы валанцёры-пашукавікі і аматары ваеннай гісторыі, дзякуючы намаганням якіх удалося знайсці архіўныя звесткі пра ўзнагароджаных асоб.

Адкрыццё выставы наведалі прадстаўнікі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, навуковых устаноў і грамадскіх аб’яднанняў. Запрашаем і Вас наведаць гэтую цікавую выставу, якая будзе працаваць да 27 верасня 2018 года.

Close Menu