Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”
Калі ж дазволіш Божа, мне ў той край вярнуцца,
З выгнання горкага, каб дома апынуцца…
Адам Міцкевіч
Завоссе. Вядомае ў краіне і далёка за яе межамі месца, бо тут нарадзіўся, тут быў шчаслівы, тут сваё сэрца пакінуў адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва Адам Міцкевіч.
Светлы цень славутага земляка, яго слава і справа і сёння служаць гонарам беларускага народа, прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне. Завоссе стала месцам сумеснай памяці суседніх з намі народаў, якія таксама лічаць Міцкевіча сваім нацыянальным паэтам, таму што месца ў гістарычнай спадчыне не патрабуе змены дзяржаўных меж, а наадварот, з’яўляецца добрай падставай для паразумення і дабрачыннасці. Адам Міцкевіч не дзеліць нас, а аб’ядноўвае.
Першыя дакументальныя ўспаміны аб Завоссі паходзяць з 1775 года, калі шляхціч рода Рымвідаў Ёзаф Міцкевіч (родны брат дзеда Адама) з Навагрудскага павета падаў позву ў Навагрудскі суд на шляхціча таго ж павета М.Яновіча, уладальніка маёнтка Завоссе, аб спагнанні з Яновіча пазыкі ў суме больш за 700 злотых. Справа ў судзе разглядалася некалькі разоў, і ў выніку Яновіч, які не змог выплаціць пазыку, па рашэнню суда павінен быў аддаць сядзібу Завоссе Міцкевічу як заклад. Праўда, жыць тут браты Міцкевічы пачалі аж праз 3 гады пасля суда, сілай забраўшы тое, што ім належала па праву.
Праз 20 гадоў пасля трагічных абставін маёнтак Завоссе пераходзіць ва ўласнасць Мікалая Міцкевіча, бацькі Адама. Тут у яго і нарадзіўся ў ноч з 24 на 25 снежня, ноч нараджэння Хрыста, сын Адам, якому наканавана ў будучым мець неўміручую славу. У гэтым доме прайшло яго дзяцінства, тут падлеткам, з братамі, праводзіў кожны год летнія вакацыі, сюды ляцеў закаханы студэнт, а потым настаўнік з Коўна, каб быць бліжэй да любімай дзяўчыны Марылі Верашчакі з Туганавіч, што недалека ад Завосся.
Лёс таго шляхецкага двара не розніцца ад гісторыі агромнай колькасці іншых маёнткаў на нашай зямлі. Амаль усе яны парушаны і знішчаны. У ліпені 1916 года згарэў і той дом, дзе нарадзіўся паэт. Праз 10 гадоў на месцы сядзібы польскія вайскоўцы паставілі вялікі прыгожы абеліск для ўвекавечання памяці паэта. Абеліск прастаяў да сярэдзіны 90-х гадоў ХХ стагоддзя.
Пры набліжэнні юбілея Адама Міцкевіча паводле ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 580 “Аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння паэта Адама Міцкевіча” прынята рашэнне аб рэканструцыі сядзібы ў Завоссі і стварэнні музея. За аснову быў узяты малюнак Э.Паўловіча, мастака з Навагрудка, які ён зрабіў летам 1843 года. Пры правядзенні археалагічных раскопак быў знойдзены фундамент таго згарэўшага дома, шмат іншых цікавых рэчаў. Узноўленыя пабудовы стаяць менавіта на тых самых мурах, як стаялі раней.
8 верасня 1998 года адкрыўся музей, які прадстаўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ ст. Драўляныя будынкі, пакрытыя чаротам, у цэнтры аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіронак (лямус), далей абора, гумно, лазня каля стаўка, студня-жураў і інш. Двор абнесены моцнай агароджай, бо, як у тыя часы казалі: “шляхціч у сваёй загродзе – роўны ваяводзе”. Каля дома разбіты кветнікі, растуць дрэвы, дэкаратыўныя кусты. Сама сядзіба размешчана ў нізіне паабапал палёў, толькі з аднаго боку ўзвышаецца вялізная гара Жарнова, якую Міцкевіч упамінае ў паэмах. Ёсць тут і невялікія гаёчкі з хваёвых і лісцястых дрэў. Сядзіба гэта з ахвотай адчыняе дзверы перад гасцямі. У аснову экспазіцыі пакладзена паэма “Пан Тадэвуш”.
Пераходзячы з пакоя ў пакой, наведвальнікі музея могуць хоць крыху ўявіць, як некалькі год жылі і гаспадарылі і што найважнейшымі ў іх жыцці былі сям’я, праца, зямля. Аб гэтым запісаў пазней брат Адама, Францішак: “…яны мелі маёнтак досыць шчуплы, ні багацця, ні тытулаў не мелі, але з цнот уласных былі слаўнымі, з згоды ў сям’і, з любові к бліжнім, з літасці к бедным, з любові да Бога, з шчырасці, з праўды, з гасціннасці, з растаропнасці, сумленнасці, добрай гаспадарнасці, выхаваных дзетак, а ў цэлым – з любові да каханай Літвы, зямлі мілай, Айчыны нашай”.
З ганку заходзім ў сені. Сені дзеляць, як звычайна ў такіх дамах, сядзібу на дзве паловы, адна для паноў, другая – для чэлядзі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой – сталовую. З гэтага пакою адны дзверы вядуць у гасцёўню, другія – да спальні. За спальняй есць яшчэ малы пакойчык і аптэчка. У другой палове дома месцілася абслуга, а побач з ёй камора для запасаў. Кухня і пограбня выходзілі на агарод.
Вялікую цікавасць уяўляе двухпавярховы свіронак. Унізе знаходзяцца розныя гаспадарчыя прылады і прыстасаванні, у тым ліку: жорны, бочкі для квашэння агуркоў і капусты, кубельцы для сала, засекі для збожжа, вагі і шмат іншага. На версе – летняя хата, пакойчык Адама ў летнія часы, калі прыязжаў на спатканне з Марыляй. На падлозе тут, як і ў тыя часы, ляжыць скура мядзведзя, стаяць ложак, стол, дарожны куфэрак і іншыя рэчы.
Недалёка ад дома расла, да нядаўняга часу, вялізная трохсотгадовая ліпа. Каля яе ляжыць шмат вялікіх камянёў. Гэта ліпа сваім ценем давала дзецям у летнюю спёку прытулак, тут было ўлюблёнае месца забаў Адама з братамі і кузэнамі. Старую ліпу некалькі гадоў таму зламала бура, у дрэва ўдарыла бліскавіца. Але застаўся вялікі пень, з якога пайшла ў рост новая ліпа.
Супрацоўнікі музея шмат намаганняў прыкладаюць для напаўнення дома арыгінальнымі рэчамі і прадметамі той эпохі, каб кожны наведвальнік меў магчымасць адчуць атмасферу дома тых даўніх часоў, спыніцца, запаволіць свой бег па жыцці, скарыстацца выпадкам, каб праз кароткі візіт перажыць вялікія ўражанні былой праўдзівай гісторыі.
Анатоль Еўмянькоў
Адрас:
225315, в. Завоссе, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.
Тэлефоны:
+375 (29) 147-08-53
+375 (16) 346-25-70
+375 (29) 205-74-58
Музей працуе:
10:00–18:00, выхадны дзень – панядзелак.
Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (16) 346-25-70.
Загадчык філіяла:
Віктар Паўлавіч Дмухоўскі.
Кантакты ў сацыяльных сетках:
Вконтакте: https://vk.com/public188726452
Facebook: https://www.facebook.com/muzei.zavosse/?modal=admin_todo_tour