Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Каплан Анатоль_плакат12 ліпеня 2017 года а 17-й гадзіне адкрылася часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Краіна мястэчкаў Анатоля Каплана”.

Бліскучы майстра літаграфіі, аўтар знакамітых ілюстрацый да твораў Шолам-Алейхема Анатоль Каплан нарадзіўся 10 студзеня 1903 года ў горадзе Рагачоў на Беларусі. Усё свядомае жыццё мастак пражыў у Пецярбургу, але на творчасць яго натхнялі ўспаміны дзяцінства, якія назаўсёды захавалі самыя дробныя дэталі местачковага побыту, твары шматлікіх сваякоў, суседзяў  і сяброў. Найбольшую вядомасць набылі станковыя літаграфіі мастака па творах яўрэйскіх класікаў, у першую чаргу, Шолам-Алейхема, дзе ён здолеў перадаць паэтыку і глыбінную сутнасць літаратурных крыніц. Сярод мастацкіх работ, якія будуць прадстаўлены ў экспазіцыі – цыкл афортаў, прысвечаных яго роднаму гораду Рагачову.

Экспазіцыя  “Краіна мястэчкаў Анатоля Каплана”  дае магчымасць зазірнуць у свет беларускага мястэчка і адчуць пяшчоту і замілаванне, цеплыню і супакаенне. Свет мястэчка даўно знік, але варта пабачыць работы Анатоля Каплана, разгарнуць кнігі Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага і іншых пісьменнікаў п.п. ХХ ст., як адразу адчуеш, што гэты свет стаіць у нас перад вачыма і дыхае жывым чалавечым цяплом, плача і смяецца, мітусіцца ў тлуме базараў і марыць усім сэрцам аб шчасці.

На мерапрыемства запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Пасольства Дзяржавы Ізраіль, супрацоўнікі Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі, прадстаўнікі грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі «Хэсэд — Рахамім», мастакі, пісьменнікі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, прыхільнікі таленту Анатоля Каплана і інш.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13)

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21

Куратар мерапрыемства: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Лідзія Шагойка