З 29 красавіка па 26 чэрвеня 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працавала часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Леў Талстой: вобраз, створаны Рэпіным”. Яна ладзілася ў межах сумеснага праекта з Дзяржаўным музеем Л.М.Талстога (г.Масква).
Ілля Рэпін стварыў шэраг партрэтаў Льва Талстога, якія сталі кананічнымі і трывала ўвайшлі ў масавую свядомасць некалькіх пакаленняў. Як бліскучыя мастацкія рашэнні Рэпіна сталі «мемамі» ўжо пры жыцці пісьменніка? Як Рэпін удзельнічаў у стварэнні папулярнага іміджа Талстога? Экспазіцыя спрабуе дэканструіраваць міф пра Талстога і адказаць на пытанне, якая роля ў яго стварэнні належыць Рэпіну.
Мастацкія адкрыцці, зробленыя Рэпіным – вынік блізкіх узаемаадносін абодвух майстроў, якія доўжыліся роўна 30 (з 1880 па 1910) гадоў. Рэпін адзначаў, што цягнуўся да Талстога “по закону притяжения малых тел к большим”. Талстой здзіўляў яго маштабам сваёй асобы, натхняў сваім унутраным агнём. Рэпін прызнаваўся, што побач з Талстым ён адчуваў сябе як загіпнатызаваны, не падпарадкавацца яго волі было немагчыма.
Упершыню вобраз Талстога стаў узнікаць у Рэпіна ў серыі ілюстрацый да артыкула пісьменніка аб гарадской беднаце “Так что же нам делать?”.
Праз 7 гадоў пасля першага візіту Талстога ў майстэрню мастака, Рэпін упершыню ўзяўся за яго партрэт. У Яснай Паляне ён напісаў з натуры партрэт Талстога з кнігай ў руках, надаўшы вобразу рысы прапаведніка. Тады ж, у 1887 годзе, з блакнотам у руках Рэпін замаляваў Талстога, які дапамагаў узараць поле яснапалянскай удаве Аксінні Капыловай. Вярнуўшыся дадому, Рэпін напісаў карціну “Лев Толстой на пашне” (“Пахарь”), якую пажадаў размножыць у друкаваных копіях. І хаця Талстой папярэдне даў на гэта дазвол, яго жонка і дзеці сумняваліся. Ці варта на ўвесь свет паказваць сцэну асабістага жыцця пісьменніка? У выніку Талстой пагадзіўся, не жадаючы засмучаць мастака, якога любіў і паважаў. Так выявы “Толстой на пашне” абляцелі ўвесь свет.
Рэпін зрабіў шмат замалёвак Талстога: за працай, за раялем, за шахматамі, за чытаннем. Рэпінскія партрэты Талстога адразу атрымалі шырокае распаўсюджанне, дзякуючы новым магчымасцям тыражавання. “Толстого на пашне” і “Толстого босого” можна было ўбачыць на сцізорыках, цукерках, флаконах, талерках, паштоўках, фатаграфіях, карыкатурах.
Амаль 30 гадоў неўтаймаваны Рэпін плённа працаваў над стварэннем дакладных, глыбокіх вобразаў пісьменніка. Самыя значныя з іх зажылі сваім жыццём у масавай культуры і сталі хрэстаматыйнымі.