Самай значнай па колькасці з’яўляецца калекцыя “Кнігі”. Яна ахоплівае храналагічны перыяд з пачатку ХІХ па першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя. Асабліва каштоўнай часткай калекцыі з’яўляюцца першыя выданні твораў беларускіх пісьменнікаў, а таксама рэдкія перавыданні пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх: “Шчароўскія дажынкі”, “Купала” (1910) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Першае выданне для дзетак беларусаў” (1906), “Беларускі лемэнтар або Першая навука чытання” (1906) Цёткі, “Дудка беларуская” (1907) і “Смык беларускі” (1908) Францішка Багушэвіча, “Жалейка” (1908) і “Гусляр” (1910) Янкі Купалы, “Другое чытанне для дзетак беларусаў” (1910) Якуба Коласа і інш.
Адметную частку калекцыі складаюць кнігі беларускіх пісьменнікаў 30- 40-х гг. ХХ стагоддзя, выданні ваеннага часу і першых пасляваенных гадоў: “У зялёнай дуброве” (1940), “Сцяг брыгады” (1943), “Прыгоды цымбал” (1945) Аркадзя Куляшова, “Слава жыццю” (1940), “Лесные огни” (1945) Анатоля Астрэйкі, “Новая ростань” (1930), “Аднагалосна” (1931), “Шырокае поле вайны” (1945) Максіма Лужаніна, “Насустрач сонцу” (1943), “У роднай хаце” (1946) Петруся Броўкі, “Дарога вайны” (1943), “Табе, Беларусь” (1942), “Дорога молодости” (1946) Пімена Панчанкі, “Глыбокая плынь” (1949), “Вазьму твой боль” (1949) Івана Шамякіна, “У завіруху” (1946), “Гарачы жнівень” (1948) Івана Мележа і інш.
Вылучаецца ў кніжнай калекцыі група мініяцюрных выданняў. Сярод іх пераважна выданні 70-90-х гг. ХХ стагоддзя, творы вядомых беларускіх пісьменнікаў ад старажытнасці да сучаснасці, у тым ліку класікаў беларускай літаратуры: Міколы Гусоўскага, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і інш. Сярод даўніх кніг вылучаецца мініяцюрнае выданне “Паэзія А.Міцкевіча” (Варшава, 1898), якое выйшла да 100-годдзя з дня нараджэння паэта.