Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

У гэтым годзе святкуецца 140-годдзе з дня нараджэння знакамітага французскага паэта, крытыка і графіка Гіёма Апалінэра (Гіём-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі). У гэты ж час на ніве беларушчыны працаваў паэт, драматург, мовазнавец, мастак і скульптар Карусь Каганец (Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі). Выстава “КАСТРАВІЦКІЯ” аб’ядноўвае ў сабе Францыю і Беларусь, творчасць на дзвюх мовах, натхнене без межаў.

Гіём Апалінэр (сапр. Гіём-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі; 26.08.1880 – 9.11.1918) – паэт, мастацтвазнавец, графік, удзельнік суполкі “Манпарнас” (Montparnasse) разам з Пабла Пікаса, Андрэ Брэтонам, Андрэ Дэрэнам, П’ерам Рэвердзі, Жанам Както, Маркам Шагалам, Анры Русо і інш., аўтар тэрміна “сюррэалізм”, адзін з самых вядомых эксперыментатараў у літаратуры ХХ стагоддзя.

Карусь Каганец (Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі (29.01(10.02).1868 – 20.05.1918) – паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст.

І сёння род Кастравіцкіх працягваецца ў сям’і Мачарскіх, падданых Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. На адкрыцці выставы “КАСТРАВІЦКІЯ” да прысутных звернецца нашчадак роду па матчынай лініі Джэрэмі Мачарскі – аўтар кніг “A Man of Power and a Goblin on a Fork” (“Асілак і гарэза”) і “The Flight of Eagles” (“Палёт арлоў”), якія распавядаюць пра гісторыю яго сям’і, знакамітых продкаў. Кнігу “Паэзія ў крыві” (“The Poetry in the Blood”) Джэрэмі ўклаў не толькі з твораў Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца, а і іх нашчадкаў, таксама не абдзеленых літаратурным талентам.

Побач з прадметамі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і рэчамі сям’і Мачарскіх у экспазіцыі “КАСТРАВІЦКІЯ” будуць прадстаўлены матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прыватных калекцый.

Часовая экспазіцыя дазваляе зазірнуць у французскую кавярню з творчай атмасферай, а потым апынуцца ў кабінеце беларускага паэта. Аб’ядноўвае гэтыя творчыя сусветы адно – славуты род Кастравіцкі.

Close Menu