Калекцыя “Газеты” налічвае 4601 адзінку захоўвання. У яе склад уваходзяць газеты, якія паступілі з асабістых архіваў К.Крапівы, В.Віткі, Н.Гілевіча, П.Пранузы, В.Чамярыцкага, М.Хайноўскай і іншых. Перыядычныя выданні датуюцца другой паловай ХIХ ст. – пачаткам ХХI стагоддзя. Найбольш раннія выданні калекцыі – газеты “Сынъ отечества” (пераплёт №1-299 за 1870 г., г. Санкт-Пецярбург), “Епархіальныя ведомости” (№15-16, 1881 г.) і “Biesiada literacka” (1884 г., г. Варшава).
Сын отечества 1870 г.
Biesiada literacka 1884 г.
Выданні пачатку-першай паловы ХХ ст. прадстаўлены газетамі: “Северо-Западный край” (1905 г.), “Гродзенскія губернскія ведомости” (1906 г.), “Северо-Западный телеграфъ” (1909 г.), “Przyjaciel ludu” (1909 г.), “Славянскія Известія” (1914 г.), “Вестникъ Минскаго губернаторского коммисариата” (1917 г.), “Витебскія губернскія ведомости” (1917 г.).
Северо-Западный край 1905 г.
Przyjaciel ludu 1909 г.
Значную каштоўнасцю прадстаўляе газета Наша Ніва (1906 г., 1909 г., пераплёт за 1912 г.) – грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага руху Беларусі. Выдавалася ў перыяд з 1906 г. па 1915 г. у Вільні. Заснавальнікамі газеты былі вядомыя дзеячы беларускага адраджэння: браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў, Цётка. Дзякуючы “Нашай Ніве” адбылося станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, фалькларыстыкі, склаліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. Многія вядомыя паэты і пісьменнікі з яе пачыналі свой творчы шлях. Так, напрыклад, можна вылучыць нумары за 1906 г., дзе пачынаў друкавацца Я.Колас: №2 (верш “Могілкі”), №3 (апавяданне “Чорт”), №6 (апавяданне “Думкі ў дарозе”, верш “Моладасць”), нумары №1, №10 за 1909 г., дзе ўбачылі свет першыя вершы М.Багдановіча “Над магілай”, “Прыйдзе вясна” і інш.
Наша Ніва №2 1906 г.
Наша Ніва №6 1906 г.
Найбольш шырока ў калекцыі прадстаўлены перыядычны друк савецкага часу: “Минская газета” (1918 г.), “Звязда” (1921-1991 гг.), “Комсомольская правда”, (1942 г., 1968 г.), “Труд” (1921 г., 1929 г., 1960 г.) “Правда” (1917-1992 гг.), “Савецкая Беларусь” (1920-1933 гг.), “Известия” (1917-1994 гг.), “Літаратура і мастацтва” (1935-2020 гг.) і г.д., а таксама беларускія абласныя газеты – органы абласных і гарадскіх камітэтаў камуністычнай партыі (“Витебское слово”, “Магілёўскі селянін”, “Бальшавік Барысаўшчыны”, “Калгаснік Узьдзеншчыны”, “За перамогу камунізму”, “Большэвіцкі сцяг”).
Совецкая Беларусь 1942 г.
Правда 1942 г.
Звязда 1925 г.
Літаратура і мастацтва 1965 г.
У калекцыі сабраны перыядычныя выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Газета “За совецкую Беларусь” №38 1942 г. з вершам Кандрата Крапівы “Мы аддзячыць зможам” стала першым прадметам, з якога ў 1987 г. пачала фарміравацца калекцыя. Яна была перададзена з архіва народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова яго жонкай Соф’яй Захараўнай. Газета выдавалася ў перыяд 1941-1942 гг. на беларускай мове Палітупраўленнем Заходняга фронту пры удзеле ЦК КП(б)Б. У ёй працавалі вядомыя паэты і пісьменнікі М. Лынькоў (рэдактар), М.Танк, П.Броўка, К.Крапіва, П.Панчанка і інш.
За совецкую Беларусь 1942 г.
Слово бойца 1943 г.
Асобным блокам вылучаюцца 27 нумароў газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941-1945 гг.) – ілюстраванага сатырычнага выдання для партызан і насельніцтва Беларусі, якое выхадзіла спачатку як газета-плакат, пазней – як сатырычны часопіс ЦК КП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе, у Маскве, у Навабеліцы, Мінску. Газета змяшчала фельетоны, памфлеты, літаратурныя творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да барацьбы з ворагам. Усяго ў свет выйшла 142 нумары. Рэдакцыю ўзначальвалі Міхась Чавускі, Кандрат Крапіва. Тут друкаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, К.Крапівы, Я.Брыля, М.Лужаніна, К.Чорнага, М.Танка, П.Пранузы і інш., малюнкі рабіліся вядомымі мастакамі А.Волкавым, В.Мядзведзевым, Г.Вальком і інш.
Раздавім фашысцкую гадзіну 1941 г.
Раздавім фашысцкую гадзіну 1942 г.
Раздавім фашысцкую гадзіну 1943 г.
Раздавім фашысцкую гадзіну 1944 г.
Раздавім фашысцкую гадзіну 1945 г.
У калекцыі прадстаўлены цікавыя ўзоры перыядычнага друку беларускага замежжа 1990-ых гг. Сярод іх газеты, якія выдаваліся ў ЗША (“Беларус”, “Беларускі патрыёт”), Канадзе (“Беларускі голас”, “Водгаласы”), Францыі (“Беларускія навіны”, “Русские новости”) і Польшчы (“Зорка”). Сабраны перыядычныя выданні на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай, англійскай, латышскай, яўрэйскай, украінскай мовах, якія выдадзены ў Маскве, Пецярбургу, Буэнас-Аэрэсе, Вільні, Берліне, Парыжы, Варшаве, Тэль-Авіве і іншых гарадах.
Структура калекцыі:
- Перыядычны друк Расійскай імперыі II паловы ХІХ ст. – 1917 г. (“Сыны отечества”, “Наша ніва”, “Заря”).
- Заходнебеларускі перыядычны друк 1921-1939 гг. (“Западная магістраль”, “Ziemia Brzeska”).
- Савецкі перыядычны друк 1918-1940 гг. (“Жизнь искусства”, “Известия”, “Наша праўда”, “Беднота”).
- Савецкі перыядычны друк перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. (“Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Советская Белоруссия”, Слово бойца”).
- Савецкі перыядычны друк 1946-1991 гг. (“Літаратура і мастацтва”, “Вечерний Минск”, “Комсомольская правда”, “Настаўніцкая газета”, “Звязда” і інш.).
- Беларуская нацыянальная перыёдыка 1991-2020 гг. (“Чырвоная змена”, “Народная газета”, “Зорька”, “Во славу родины”, “Голас Радзімы”, “Культура” і інш.).
У адпаведнасці з Праграмай камплектавання музейных фондаў на 2021-2025 гады калекцыя “Газеты” працягвае папаўняцца, улічваючы прынцыпы актуальнага дакументавання літаратурнага працэсу на Беларусі.