Калекцыя “Фотадакументы” складае больш за 6,5 тыс. адзінак захоўвання. Першым прадметам, з якога пачала фарміравацца калекцыя, стала групавая фатаграфія, прысвечаная ўшанаванню памяці І.Пуліхава ў 1926 г., перададзеная ў 1987 г. з архіва беларускага паэта Анатоля Дзяркача.
“Фотадакументы” змяшчаюць партрэты беларускіх пісьменнікаў, відавыя і падзейныя фатаграфіі з канца ХIХ да пачатку ХХІ стст. Самая даўная фатаграфія – студыйны партрэт пісьменніка, вучонага-фалькларыста Мікалая Андрэевіча Янчука (1859-1921 гг.), зроблены ў Маскве ў 1890-ыя г.
У калекцыі шырока прадстаўлены партрэты вядомых пісьменнікаў і дзеячоў культуры, фатаграфіі літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў знакавых падзей – з’ездаў, пленумаў, урачыстых сходаў і інш.
У музеі захоўваюцца фотаархівы Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Звонака, Івана Чыгрынава, Ніла Гілевіча, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Алеся Савіцкага, Міхася Лынькова, Лідзіі Арабей, Р.Барадуліна і інш.