Беларуская хатка
Экспазіцыя філіяла «Беларуская хатка» – гэта своеасаблівы працяг экспазіцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Яна прысвечана мінскаму перыяду жыцця класіка, а таксама літаратурна-грамадскаму руху пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску.
Мастацкая канцэпцыя экспазіцыі належыць Эдуарду Агуновічу. Афармленне інтэр’ера стылізавана пад «мадэрн».
Філіял знаходзіцца ў доме, пабудаваным у 1904 г. на вул. Мала-Георгіеўскай (сучасная вул. Талстога). Гэта адзіны ацалелы будынак у Мінску, па-сапраўднаму звязаны з М.Багдановічам. У 80-х гадах ХХ ст. уратаваны ад зносу дом быў зняты са свайго гістарычнага падмурка і перанесены на вуліцу Рабкораўскую (прыкладна на сто метраў ад свайгоколішняга месца). У той жа час распачалася праца па стварэнні экспазіцыі філіяла. Пасля рэстаўрацыі дому вярнулі першапачатковы выгляд і 25 чэрвеня 1991 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.
Дом-флігель калісьці належыў Саве Рэдзьку, настаўніку вучылішча Лібава-Роменскай чыгункі, які здаваў яго пад кватэры. На пачатку Першай сусветнай вайны беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч Усевалад Фальскі наняў будынак пад бясплатную сталоўку для бежанцаў. Пазней, калі хваля ўцекачоў спала, у правай частцы дома кватараваў Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй. У адным з пакояў гэтай кватэры (з кастрычніка 1916 па люты 1917 гг.) давялося жыць Максіму Багдановічу. Таму пры стварэнні экспазіцыі ў супрацоўнікаў музея стаяла задача не толькі распавесці пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, пра беларускі нацыянальны літаратурна-грамадскі рух у Мінску на пачатку ХХ ст., але і цалкам аднавіць пакой паэта, паказаць побыт гараджан падчас Першай сусветнай вайны на прыкладзе пакояў З.Бядулі і яго сясцёр.
Мемарыяльны пакой паэта адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, Лявона Зайца, Змітрака Бядулі. Стварыць атмасферу часовага прытулку хворага Багдановіча дапамаглі рэчы-аналагі і мэбля пачатку ХХ ст. Творчая лабараторыя паэта прадстаўлена дакументамі і кнігамі, сярод якіх адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча “Вянок” і рэліквіі – асабістыя рэчы Багдановіча – ступка і таўкачык для здрабнення лекаў. Мінскаму перыяду творчасці належаць такія шэдэўры беларускай паэзіі як славуты верш “Пагоня” і паэма “Страцім-лебедзь”. Несумненным плюсам мастацкага афармлення пакоя з’яўляецца эфект прысутнасці самога паэта, які дасягаецца пры дапамозе раскладзеных на стале прадметаў і штучна створанай ночы – часу, калі Багдановіч працаваў над сваімі творамі.
Другія два пакоі мемарыяльнай часткі, якія займалі З.Бядуля з сёстрамі, адноўлены часткова. З мэтай паказаць тагачасны гарадскі побыт тут створаны невялікія інтэр’ерныя вузлы – кухня і дзявочы куток, напоўненыя рэчамі, знойдзенымі ў гэтым раёне горада. Нешматлікая іх колькасць і не поўнасцю запоўненая плошча пакояў нагадвае пра часовае прыстанішча сям’і Бядулі і адлюстроўвае неўладкаванасць побыту пад час Першай сусветнай вайны.
Галоўным стрыжнем пры стварэнні філіяла стала ідэя, закладзеная ў яго назве – зрабіць своеасаблівую літаратурную гасцёўню, дзе можна было б працягнуць традыцыі клуба інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, што існаваў у Мінску ў 1916-20-х гг., удзельнікам якога быў таксама і М.Багдановіч. Гэтая задача была ажыццёўлена пры дапамозе мастацкай канцэпцыі, аўтарам якой з’яўляецца заслужаны работнік культуры Беларусі Эдуард Агуновіч.
Другая частка экспазіцыі аформлена ў выглядзе своеасаблівай тэатральнай залы, са сцэнай і копіяй старажытнай магілёўскай батлейкі ХІХ ст., а таксама вітрынамі-складнямі. Менавіта на гэтых складных канструкцыях размешчаны кнігі, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, дакументы і асабістыя рэчы дзеячаў таго часу. Экспанаты з’яўляюцца ілюстрацыяй да расповеду пра мінскі перыяд жыцця і творчасці М.Багдановіча, дзейнасць таварыства па дапамозе пацярпелым ад Першай сусветнай вайны, клубе інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, пра літаратурна-грамадскі і тэатральны рух пачатку ХХ ст. У гэтым рэчышчы батлейка – лагічны працяг экспазіцыі і няздзейсненая мара М.Багдановіча. Батлеечныя спектаклі паказваюцца з лета 1991 г. У рэпертуары як рэлігійныя, так і свецкія інтэрмедыі на розныя бытавыя тэмы.
Акрамя традыцыйных экскурсій і батлеечных прадстаўленняў на базе філіяла праводзяцца музейныя заняткі для дзяцей.
Адрас:
220007, г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19
Запіс на экскурсіі і заняткі:
+375 (17) 375-52-13
Электронны адрас:
belaruskayahatka@gmail.com
Музей працуе:
штодзённа з 9:30 да 17:30.
Паведаміць аб наведванні музея інвалідамі і неабходнасці аказання ім сітуацыйнай дапамогі можна па тэл. +375 (17) 375-52-13.
Загадчык філіяла: Ала Мiкалаеўна Iвашкевiч
Спасылкі на сацыяльныя сеткі:
Facebook: https://www.facebook.com/belaruskaya.hatka/
Instagram: https://www.instagram.com/belaruskayakhatka/
Як даехаць:
Аўтобусы, тралейбусы да прыпынка “Акадэмія кіравання”, ст.м. “Інстытут культуры”, “Талстога”.