“Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны”
15 мая 2022 года а 15-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на імпрэзу “Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны”, прысвечаную Міжнароднаму дню сем’яў.
Штогод 15 мая па ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень сем’яў. Ён быў абвешчаны 20 верасня 1993 года на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемаў сям’і.
Галоўны госць імпрэзы – Алена Кароўчанка, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі спецыяліст у галіне генеалогіі. Некалі яна так сказала пра свае пошукі: “Ты адкрываеш і пазнаеш не толькі нешта новае пра мінулае, але і знаходзіш новае ў самім сабе, адбываюцца пэўныя змены ў адносінах да жыцця і смерці, да людзей, да шматлікіх падзей твайго жыцця… Ты становішся больш моцным і трывалым…”
Алена Кароўчанка – аўтар кнігі-мемарыялу “Ігуменская шляхта ў Сібіры”. Яна адкрыла свету шмат невядомых старонак беларускай гісторыі. Таксама Алена займаецца даследаваннем уласнага радаводу, дапамагае ў пошуках шматлікім аматарам і прафесіяналам.
Падчас імпрэзы “Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны” мы:
– паглыбімся ў гісторыю роду Вернікоўскіх, яркім прадстаўніком якога з’яўляецца Алена Кароўчанка;
– адзначым ролю, якую адыгралі Вернікоўскія ў гісторыі нашай краіны;
– даведаемся, якім чынам звязаны Вернікоўскія і продкі Максіма Багдановіча;
– атрымаем колькі карысных парад па правядзенні генеалагічных пошукаў і складанні радаводаў уласных сем’яў.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.
Тэл.: +375 (17) 363 07 61, +375 (17) 355 22 95.