
Прэзентацыя факсімільнага выдання кнігі “Вянок” Максіма Багдановіча
У далёкім 1913 годзе, у Вільні ўбачыў свет першы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”. У першай рэцэнзіі на кнігу крытык Антон Луцкевіч параўноўваў паэзію маладога беларускага аўтара з чыстай халоднай крынічнай вадой, што асвяжае душы людзей.
Больш чым стагоддзе мінула з таго часу, з друку выйшла шмат кніг Максіма Багдановіча, але маленькая, сціпла выдадзеная кніга паэзіі застаецца запатрабаванай.
У 1985 годзе, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, падрыхтавана першае факсімільнае выданне кнігі М.Багдановіча “Вянок”, тыраж у 10 тысяч асобнікаў разышоўся ледзь не імгненна. Былі і яшчэ перавыданні, і яны знайшлі сваіх гаспадароў, а інтарэс да асобы паэта і да яго вечнай паэзіі не знікае.
10 чэрвеня а 17-й гадзіне запрашаем на прэзентацыю факсімільнага выдання кнігі Максіма Багдановіча “Вянок”, выдадзенага ў 2025 годзе ў межах дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва пры падтрымцы кампаніі “ЛОДЭ” і крамы “Акадэмічная кніга”.
“Я не самотны, я кнігу маю…” – так пісаў Максім Багдановіч, “мы не самотныя” – паўтараем услед за Паэтам, бо і мы кнігу маем…
Уваход вольны.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а (Літаратурны музей Максіма Багдановіча).
Тэл. +375 17 363 07 61, +375 17 355 22 95.