
Мастацка-дакументальная выстава “Старая спадчына”
Беларускае краязнаўства мае свае багатыя традыцыі і выбітных прадстаўнікоў гэтай пачэснай справы. Так, вялікую павагу ў дадзенай галіне заслужылі стваральнікі Гудзевіцкага музея – Алесь Мікалаевіч і Вера Ігнатаўна Белакозы.
На часовай экспазіцыі прадстаўлены прыклады ткацтва з фондаў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – посцілкі і дываны, прыклады шматнітовага двухуточнага ткацтва, а таксама дыванкі ў тэхніцы двухбаковага ткацтва, якія стварылі майстрыхі Леаніда Бусловіч, Вера Белакоз, Марыя Мінец.
Вялікую працу па наладжванні сувязей паміж гудзевіцкімі краязнаўцамі і супрацоўнікамі музея Максім Багдановіча вяла знакамітая пісьменніца і мемуарыстка Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас). Літаратурны складнік працы Гудзевіцкага музея заслугоўвае вялікай увагі і вывучэння. Некаторыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнымі і маюць непасрэднае дачыненне да дзейнасці самага маладога класіка беларускай літаратуры – Максіма Багдановіча.
У пэўнай ступені гэты экспазіцыйны праект можна лічыць рэалізацый мараў знакамітай дзяячкі па наладжванні сувязей паміж дзвюма ўстановамі культуры. Прэзентуюцца матэрыялы з фондаў музея М.Багдановіча, прысвечаныя Людвіцы Сівіцкай і яе пасрэдніцкай дзейнасці паміж музеямі, – лісты, фотаздымкі і тканы паясок, які належаў пісьменніцы.
Выстава дзейнічае з 13 лютага па 28 сакавіка 2025 года.
Уваход вольны.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.
Тэл. +375 17 363 07 61, +375 17 355 22 95.