Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Date

17 Май 2026 - 31 жнів 2026
Ongoing...

Мастацка-дакументальная выстава Алеся Родзіна “Экалагічная дысперсія”

У Літаратурным музеі распачынае працу новы выставачны праект “Экалагічная дысперсія”. Яго назва не проста адсылае да фізічнай з’явы рассейвання святла або рэчыва. У кантэксце спадчыны Алеся Родзіна – гэта магутная метафара інтэлектуальнага і творчага выпраменьвання. Мастак на працягу дзесяцігоддзяў ствараў уласную экасістэму сэнсаў, якая не знікла з яго сыходам, а пачала працэс дысперсіі — пранікнення ў свядомасць новых пакаленняў, рассейвання ідэй у прасторы і часе.

Гэтая выстава – не статычны помнік, а жывы арганізм, які адлюстроўвае дынамічную прыроду самога Родзіна.
Выстава прымеркаваная да дня народзінаў мастака. Аснову складаюць манументальныя палотны, якія сталі візітоўкай беларускага авангарда. Гэта творы-космасы, дзе кожны сантыметр напоўнены філасофскім роздумам. “Апакаліпсіс”, “Эксперыментальны кантакт”, “Меліяратыўны экстаз”, “Скрыня Пандоры”, “Карані”, “Прыгоды Язэпа Драздовіча”, “Вольнае падзенне” – кожная з гэтых работ адкрывае грані мастацкага свету Алеся Родзіна: яго трывогі, надзеі, іронію і веру ў мастацтва як прастору свабоды.

На выставе ўпершыню будуць прадстаўлены асабістыя рэчы, дакументы, накіды, каталогі, якія распавядаюць пра творчы шлях мастака ад юнацтва да самага апошняга часу. Расповяд ідзе праз выставачныя праекты ў Іспаніі, Францыі, Галандыі і Германіі. І, безумоўна, праз 12-гадовую супрацу мастака з легендарным берлінскім Кунстхаўсам “Тахелес”, які стаў калыскай беларускага фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”.

Асаблівасць “Экалагічнай дысперсіі” – яе здольнасць да росту. Экспазіцыя будзе паступова дапаўняцца пластамі, якія раней заставаліся ў ценю манументальных прац. Дынамічны фармат і часовае абнаўленне зместу будзе рабіць кожны візіт асаблівым.

Стваральнік і куратар выставы – даследчык Зміцер Юркевіч.

Выстава будзе працаваць з 17 мая па 31 жніўня 2026 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты; 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў.
Экскурсійнае абслугоўванне па папярэдняй замове.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

  • 00

    days

  • 00

    hours

  • 00

    minutes

  • 00

    seconds

Close Menu