Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Date

25 чэрв 2022
Expired!

Літаратурнае падарожжа на Ушаччыну “1.1.1”

“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!

Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў – Міхаілам Сысам, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефоне:

(017) 342-09-81

Ці праз гугл-форму:

https://docs.google.com/forms/d/16ZimIDmTeaEUqdbI2M6i1AcNC7BXasiOBrYFj_VeAHk

Кошт – 30 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава – 1,41 руб. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея – вольны).

ДЭДЛАЙН падачы заявак – 24 чэрвеня!

 

ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”

(25 чэрвеня 2022 г.)

7.45

Збор удзельнікаў на паркоўцы паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ЖК “Маяк Мінска” (ст. метро “Усход”).

8.00-10.40

Пераезд да “Крыніцы паэтаў”.

10.40-11.10

Наведванне “Крыніцы паэтаў”.

11.10-12.00

Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні.

12.00-13.30

Наведванне дома Рыгора Барадуліна.

13.30-14.30

Наведванне г.п. Ушачы. Узнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнка “Мой край азёрны…”, прысвечанага Году гістарычнай памяці і дню нараджэння П.Броўкі.

14.30-14.35

Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.

14.35-15.00

Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна.

15.00-15.30

Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні.

15.30-16.30

Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава.

16.30-17.30

Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні.

17.30-20.00

Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі.

Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны.

20.00

Адпраўленне аўтобуса на Мінск.

 

Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа, неабходна мець пры сябе:

  1. Добры настрой.
  2. Кубак, каб піць з крыніцы.
  3. Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
  4. Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўка.
  5. Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
  6. Вада, бутэрброды (калі забылі — можна набыць у мясцовай кулінарыі танную выпечку, а ваду набраць з крыніцы).
  7. Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).

The event is finished.

Close Menu