
Літаратурна-мастацкая фотавыстава “Адвечная повязь пакаленняў”
14 сакавіка 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая фотавыстава “Адвечная повязь пакаленняў”. Адкрыццё – а 16-й гадзіне.
На фотаэкспазіцыі прадстаўлены партрэтныя і падзейныя фотаздымкі беларускіх літаратараў ХХІ стагоддзя: ад малодшага пакалення да тых, хто пачаў пісаць яшчэ ў ХХ стагоддзі.
Аўтар мастацкіх фотаздымкаў – Рагнед Малахоўскі – беларускі паэт, аўтар зборнікаў “Беражніца”, “У дзённай мітусні”, “Жыві!”, “Шлях слязы”, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактар аддзела паэзіі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.
Фотамастацтвам Рагнед Малахоўскі займаецца з 2006 года, яго фотавыстаўкі ладзіліся ў Мінску і Лодзі, фотапрацы публікуюцца ў перыядычных выданнях.
Прыйшоўшы ў літаратуру ў даволі маладым веку, аўтар пасябраваў з многімі майстрамі слова. Ён меў магчымасць сустракацца з імі, назіраць за творчым жыццём, пераймаць майстэрства, вопыт і канешне – фатаграфаваць. Падыход да здымкаў фатографа-аматара заключаецца ў яго імкненні ствараць не банальныя партрэты, а праўдзівыя, жывыя вобразы. Ён ніколі не прымушае асобу пазіраваць, а “ловіць” яе ў пэўны эмацыйны момант – узрушаны, засяроджаны, гарэзлівы, рамантычны і г.д. Як літаратар, ён здольны тонка адчуць стан свайго, блізкага па духу, героя, перадаць яго характар, думкі. За час прафесійнай дзейнасці ў літаратуры Рагнед Малахоўскі паспеў стварыць даволі вялікую фотагалерэю сучаснікаў, літаратараў розных пакаленняў.
Больш за 50 выбітных, яскравых, таленавіных прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры, заспетых фатографам у розных жыццёвых сітуацыях, можна пабачыць на фотавыставе.
Запрашаем!
Выстава будзе дзейнічаць па 25 лютага 2026 г. па адрасе г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13. Уваход вольны.
Даведкі: +375 17 395 44 47 (Князева Ірына Расціславаўна).