
Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Літаратурная брама ХХІ стагоддзя”
28 лютага 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Літаратурная брама ХХІ стагоддзя”. Урачыстае адкрыццё – а 16-й гадзіне.
Літаратура была і застаецца люстэркам, дзе можна ўбачыць час з яго тэндэнцыямі і выклікамі, тэмы, што хвалююць чалавека і раскрываюць яго асобу. Ва ўмовах новага тысячагоддзя яна мусіць прадставіць новую канцэпцыю свету і чалавека ў ім, выпрацаваць адпаведныя часу ўзоры мастацкага пісьма.
Сучасны перыяд у беларускай літаратуры распачаўся напрыканцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. Час яго грунтоўнага, дасканалага аналізу як агульнага працэсу, сёння яшчэ не прыйшоў. Мы зараз знаходзімся “унутры” гэтага літаратурнага перыяду і таму не можам бачыць яго агульныя абрысы. Разам з тым можна адзначыць пэўныя адметнасці сучасных літаратурных тэкстаў: зварот да падсвядомага ў псіхалогіі чалавека, медытатыўнасць, асацыятыўнае мысленне, пошукі новай змястоўнасці, арыгінальных прыёмаў і інш.
Экспазіцыя робіць спробу адлюстравання сучаснага перыяду беларускай літаратуры праз прэзентацыю найбольш значных яго твораў: увайсці ў “літаратурную браму ХХІ стагоддзя” запрашаюцца лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2024 года.
Імі сталі Фёдар Гурыновіч з кнігай “Паляўнічая паэма” (намінацыя “Лепшы твор, зборнiк твораў паэзіі”), Віктар Кунцэвіч са зборнікам аповесцяў, апавяданняў і абразкоў “Калі чужая душа — твая” (“Лепшы твор прозы”), Сяргей Міховіч з кнігай “Нам силы дает земля” (“Лепшы твор публіцыстыкі”), Мікола Мікуліч з кнігай “Максім Танк. Асоба, паэзія, лёс” (намінацыя “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”, Уладзімір Мазго з кнігай “Загадка — розуму зарадка” (“Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”), Алеся Кузняцова з кнігай “Когда трещит лед” (“Дэбют”).
Усіх аўтараў, уганараваных прэстыжнай літаратурнай узнагародай краіны, пры ўсёй іх рознасці, яднае адно – любоў да роднай зямлі, павага да традыцый, закладзеных у нацыянальнай літаратуры слыннымі папярэднікамі.
На выставе будуць прадстаўлены кнігі, газеты, часопісы, рукапісы, дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2024 года.
Выстава будзе дзейничаць да 22 лютага 2026 года па адрасе г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13. Уваход вольны.
Куратар выставы – загадчык навукова-экспазицыйнага аддзела Ірына Расціславаўна Князева (+375 17 395 44 47).