
Літаратурна-мастацкая экспазіцыя “”Хаджы-Мурат” Л.М. Талстога ў ілюстрацыях Я.Я. Лансэрэ”
15 мая 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у межах супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога (г. Масква), распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “”Хаджы-Мурат” Л.М. Талстога ў ілюстрацыях Я.Я. Лансэрэ”.
Адкрыццё – 15 мая а 13-й гадзіне (уваход на мерапрыемства вольны).
Выстава прысвечана адной з вяршынь творчасці мастака-ілюстратара Яўгена Яўгенавіча Лансэрэ (1875 – 1946) – цыклу кніжных малюнкаў да аповесці Л.М. Талстога “Хаджы-Мурат”.
Мастак паходзіць з сям’і скульптара Яўгена Аляксандравіча Лансэрэ, яго сястра – знакамітая мастачка Зінаіда Серабракова, а па матчынай лініі ён быў звязаны з сям’ёй Аляксандра Бенуа.
“Хаджы-Мурат” з ілюстрацыямі Я.Я. Лансэрэ выйшаў у 1916 годзе. З’яўленне гэтай кнігі разгладаецца як этапны момант у гісторыі ўсяго рускага кніжнага мастацтва, а сам цыкл ілюстрацый Я.Я. Лансэрэ да твору Л.М. Талстога – як адзін з класічных узораў кніжнай ілюстрацыі.
Я.Я. Лансэрэ аказаўся блізкім да Талстога, як аўтара аповесцяў пра Каўказ, па рамантычным светаадчуванні і “ўлюбёнасці” ў горы. Ілюструючы “Хаджы-Мурата”, ён выступіў як “ідэальны чытач”, які “ўхапіў” дух літаратурнага твору.
Застаўкі, канцоўкі, дробныя малюнкі пяром, палосныя ілюстрацыі размешчаны строга лагічна і прадумана. Яны падобныя на своеасаблівыя графічныя каментары да тэксту і надаюць асаблівую жыццёвасць старонкам, аб’ядноўваючы тэкст і пластычныя вобразы.
На выставе будуць прадстаўлены тытульны ліст да аповесці “Хаджы-Мурат” і макет кнігі, падрыхтаваны Лансэрэ да выдання ў 1916 г.; экзэмпляры кнігі “Хаджы-Мурат”, ілюстраваныя Лансэрэ, якія выходзілі ў розныя гады; асобныя ілюстрацыі, кніжныя развароты, накіды, натурныя замалёўкі, эцюды горных пейзажаў, аулаў, хатняга начыння, зброі, партрэты горцаў і жанчын у нацыянальных строях; партрэты Хаджы Мурата, Л.М.Талстога, князёў Варанцовых і іншых персанажаў і асоб. Таксама на выставе можна будзе пабачыць скульптуры Яўгена Аляксандравіча Лансэрэ і многае іншае. Экспазіцыя будзе дапоўнена матэрыяламі з фондаў ДМГБЛ, якія маюць дачыненне да тэмы “Леў Талстой і Беларусь” і “Творчасць Талстога ў выяўленчым мастацтве Беларусі”.
Выстава на рускай мове. Будзе цікава аматарам літаратуры, гісторыі, жывапісу. Дзейнічае па 10 жніўня 2025 года па адрасе г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13.