Калекцыя “Эпісталярыі” складаецца з 6475 адзінак і ўключае асабістую перапіску беларускіх пісьменнікаў (лісты і паштоўкі да родных, сяброў, іншых пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і іншых асоб).
Вялікую каштоўнасць уяўляюць лісты Змітрака Бядулі да Чаржынскіх (1930-1940-я гг.), Максіма Танка да Міхася Лынькова (1942), лісты Кузьмы Чорнага да Кандрата Крапівы і Міхася Лынькова (1942), лісты з фронту Пімена Панчанкі, Аляксея Кулакоўскага, Алеся Мілюця, перапіска Пятра Глебкі і Пятра Прыходзькі і інш. Яны адлюстроўваюць факты ваеннай біяграфіі пісьменнікаў, гісторыю напісання вядомых мастацкіх твораў і інш.
Унікальнай часткай калекцыі з’яўляюцца эпісталярыі з архіва Васіля Быкава, якія раскрываюць акружэнне пісьменніка ў кантэксце сусветнай літаратуры: лісты ад Аляксандра Твардоўскага, Аляксандра Салжаніцына, Чынгіза Айтматава, Барыса Палявога, выдаўцоў і перакладчыкаў твораў Васіля Быкава на замежныя мовы і інш.