Дэвіз: навуковасць, прадметнасць і актуальнасць.
Навукова-экспазіцыйны аддзел – неад’емная частка любога музея. Ён дае магчымасць ажыццяўляць адзін з галоўных накірункаў дзейнасці музея – экспазіцыйна-выставачную работу. Багатыя фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ствараюць усе ўмовы для экспазіцыйнага расповеду на самыя розныя літаратурныя тэмы.
Пацвярджэнне таму – штогадовыя тэрміновыя праекты, якія працягваюць збіраць зацікаўленых прыхільнікаў:
- “Дыяменты прыгожага пісьменства”, прымеркаваны да стогадовых юбілеяў беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, навукоўцаў, дае магчымасць шырока прадставіць музейныя фонды, прыцягнуць увагу да літаратараў, кожны з якіх унёс свой значны ўклад ў беларускую літаратуру і культуру;
- “Залатая раніца беларускага адраджэння” прадстаўляе перыяд 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, бадай ці не самы цікавы ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст., але і самы трагічны. У літаратуру прыйшлі маладыя паэты, празаікі чыя творчая і грамадзянская свядомасць фарміравалася на скрыжаванні дзвюх галоўных ідэй — нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага пераўтварэння свету. Пісьменнікі гуртаваліся на базе друкаваных выданняў – часопісаў. Кожная суполка мела на мэце паказаць сваё бачанне развіцця мастацкага метаду і яго рэалізацыю ў літаратуры.
Штодзённая праца навукова-экспазіцыйнага аддзела засяроджана на стварэнні:
- літаратурна-дакументальных экспазіцый, якія распавядаюць пра выдатных дзеячаў ХХ стагоддзя, што дае магчымасць і сёння фарміраваць персанальныя архівы (Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Іван Шамякін, Алесь Адамовіч, Алесь Савіцкі, Адам Мальдзіс, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і інш);
- літаратурна-мастацкіх экспазіцый, якія адлюстроўваць важныя гістарычныя падзеі ў жыцці краіны, у сферы культуры і інш.
Перасоўныя выставы, распрацаваныя супрацоўнікамі аддзела, пашыраюць магчымасці папулярызацыі скарбаў беларускай літаратуры, фондаў літаратурнага музея і яго філіялаў (Адам Міцкевіч, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Максім Танк, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў і інш.)