Кніга прайшла доўгі шлях ад дарагой элітарнай рэчы да масавай, запатрабаванай і шырокадаступнай. Паспрабуем паразважаць над тым, які гэта быў шлях, адкуль пачынаецца гісторыя беларускай дзіцячай кнігі, што чакае кнігу наперадзе і ці саступіць папяровая кніга сваё месца электроннай?
Прэзентуем Вашай увазе літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Дзіцячая кніга. Пісьменнікі і мастакі для дзяцей” з удзелам вядомай беларускай мастачкі Рыты Цімохавай.
У мастакоўскім асяродку Рыту Цімохаву ведаюць як мастака кнігі. Працу кніжнага ілюстратара яна пачала з канца 1980-х гадоў і працягвае сёння. На яе рахунку больш за пяць дзясяткаў кніг. Але адметнае месца займаюць дзіцячыя. Кожная старонка выданняў, якія яна афармляла, чапляюць сваёй унікальнай прыдумкай, жывымі вясёлымі персанажамі, якія не дадуць засумаваць над тэкстам і дапамогуць у яго асэнсаванні.
На экспазіцыі прадстаўлены розныя варыянты кніг – друкаваныя, рукатворныя і арт-кнігі. Друкаваныя – з фондаў музея – кнігі беларускіх пісьменнікаў, пераклады папулярных замежных аўтараў і перыядычныя выданні, якія чыталі беларускія дзеці 100 гадоў таму. Рукатворныя і арт-кнігі выпускнікоў і вучняў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, створаныя пад пільным і майстэрскім кіраўніцтвам выкладчыка спецкурса “Дызайн кнігі” Рыты Цімохавай.