Выстава “Дарогі вайны” прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 115-годдзя з дня нараджэння Макара Паслядовіча, 110-годдзя з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі, 90-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Гаўрусёва і 85-годдзя з дня нараджэння Барыса Сачанкі.
Макар Паслядовіч (1906 — 1984) — беларускі празаік і перакладчык. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — кіраўнік Мар’інагорскай падпольнай групы і сувязны асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне.
Анатоль Астрэйка (сапр. Акім Пятровіч Астрэйка) (1911 — 1978) — паэт-песеннік, пісьменнік, перакладчык, журналіст. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава.
Сцяпан Гаўрусёў (1931 — 1988) — беларускі паэт, крытык, перакладчык. Падчас вайны родныя мясціны Сцяпана Гаўрусёва знаходзіліся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Убачыўшы ў дзіцячым узросце жахі вайны, ён ствараў сапраўдныя шэдэўры ваеннай тэматыкі. У 1955 годзе выдаў першы зборнік паэзіі “Паходныя кастры”. Гэта былі вершы пра вопыт пакалення, якое вырасла “пад гарматнымі стваламі”.
Барыс Сачанка (1936 — 1995) — беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец. Яму не было і шасці гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 годзе фашысты спалілі родную вёску Барыса Сачанкі – Вялікі Бор. У агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вёскі вывезлі ў Нямеччыну. Сям’я Сачанкаў аказалася ў ліку тых, каго вывезлі. Апынуліся Сачанкі на ферме нямецкага землеўласніка, дзе працавалі да самага вызвалення ў маі 1945 года. Убачанае і перажытае Барысам Сачанкам яшчэ дзіцём, знайшло сваё адлюстраванне ў яго творчасці.
На экспазіцыі прадстаўлены: плакаты Ул.Крукоўскага прысвечаныя ваеннай тэматыцы, унікальныя рукапісы і дакументы, часопісы, кнігі з аўтографамі, фатаграфіі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.