Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Чарнобыль – 35…” прысвечана 35 гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 85-годдзю з дня нараджэння празаіка, публіцыста, кіраўніка Грамадскага аб’яднання “Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль” Васіля Якавенкі.

26 красавіка 1986 г. адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Вынікі гэтай аварыі сталі катастрафічнымі для нашай краіны. Балюча адгукнуўся Чарнобыль у сэрцы і лёсе кожнага беларуса. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Чарнобыль – 35…” прадстаўляе асэнсаванне трагічнай падзеі ў творчасці беларускіх пісьменнікаў. Іван Шамякін, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Аксёнчык, Анатоль Зэкаў, Васіль Жуковіч, Васіль Якавенка – далёка не поўны спіс творчых, таленавітых людзей, якія паклалі свае развагі на паперу і стварылі мастацкія творы, напісалі паэтычныя радкі, якія не даюць забыць Чарнобыль і нагадваюць пра гэтую жудасную старонку нашай гісторыі.

Праз якія б выпрабаванні не прайшла наша Беларусь, яна выжывала, яна адраджалася, уставала з попелу і развівалася далей. Шмат у чым дзякуючы неабыякавым людзям, да якіх можна аднесці і Васіля Якавенку, вядомага публіцыста, празаіка, якога турбавалі пытанні экалогіі. Менавіта праз яго клопат у 1988 г. быў скасаваны праект асушэння поймы Прыпяці, які пагражаў Беларусі пустыняй, што дало пачатак новай нацыянальнай палітыцы ў справе меліярацыі. Менавіта ён заснаваў сацыяльна-экалагічную газету “НАБАТ”, у якой раскрываў наступствы Чарнобыльскай катастрофы, а затым – ГА “Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль”, які спрыяў аздараўленню дзяцей за мяжой і ў сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі “Кюсю-на-Свіслачы” (у спарткомплексе “Стайкі” пад Мінскам). У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, рукапісы, артыкулы, кнігі з архіва В.Ц. Якавенкі, які захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Close Menu