Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня

Прадстаўляем вашай увазе мультымедыйную кнігу “Біблія Васіля Кораня 1692–1696 гг.”, у якой змешчаны рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай нашым земляком – беларускім майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебскай вобласці).
А вось і другая частка Бібліі, якая называецца “Апакаліпсіс”.
Дарэчы, копіі Бібліі ўручаліся – Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, Экзарху Беларусі – Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыярху Кірылу.
Адкрывальнікам Бібліі В.Кораня з’яўляецца навуковец, гісторык мастацтва, адзін з буйнейшых спецыялістаў у вобласці рускай народнай карцінкі і гравюры Антаніна Саковіч.
Беларускае паходжанне Васіля Кораня адкрыта нядаўна. Майстар нарадзіўся ў мястэчку Дуброўна каля 1640 г. Працуючы ў Маскве, у 1692-1696 гг. В.Корань стварыў першую ў Расіі народную гравіраваную ілюстраваную Біблію ў малюнках, аналагічную заходнім “Бібліям жабракоў”, стаўшы пачынальнікам вядомага ва ўсім свеце сюжэтнага лубачнага малюнка.
Тэхніка Кораня спалучае ў сабе ўплыў каталіцкіх і пратэстанцкіх ілюстраваных Біблій (у прыватнасці – Бібліі Піскатара). Як мяркуецца, з-за наяўнасці некананічных выяў Бога наклад Бібліі Кораня (каля 1000 экз.) быў канфіскаваны і знішчаны. Адзіны часткова ацалелы і дайшоўшы да нас экзэмпляр кнігі з’яўляецца арыгіналам XVII ст. і захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу.
Біблія Кораня прадстаўлена ў рэканструкцыі маскоўскага мастака-графіка Віктара Пензіна серыяй расфарбаваных гравюр з подпісамі на сюжэты з Кнігі Быцця і Апакаліпсіса. Мастак 10 год аднаўляў Біблію ў першапачатковым выглядзе па той жа тэхналогіі. На сённяшні дзень яна ёсць у некалькіх музеях свету: у Ватыкане ў Папы Рымскага, Мексіцы, Мадрыдзе, Эрмітажы і Траццякоўцы. У 2019 г. кніга была прэзентавана на радзіме нашага суайчынніка – у краязнаўчым музеі ў г. Дуброўна.
Біблія для народа ў малюнках (па ўзоры “заходніх”) рэзалася Васілём Коранем на драўляных дошках і друкавалася ў Маскве ў 1692-1696 гг., дзе ён працаваў разам з іншымі выдатнымі беларускімі майстрамі, якія аздаблялі Гранавітую палату Маскоўскага крамля, працавалі ў Збройнай, Залатой і Сярэбранай палатах, іншых месцах Масквы, ствараючы дзівосныя мастацкія творы, што і цяпер уваходзяць у пералік высокамастацкіх скарбаў Расіі.
Асаблівая адметнасць Бібліі Васіля Кораня ў тым, што яе можна параўнаць па значнасці для славянскага пісьменства, духоўнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа са спадчынай Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Гэты ўнікальны для Беларусі твор захаваўся ў адзіным экзэмпляры з тысячнага тыражу і знаходзіцца ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Санкт-Пецербурзе.