У матэрыялах калекцыі “Археалогія” прадстаўлена культура ХІ–ХVІІ стст. Да ліку найбольш ранніх прадметаў эпіграфікі адносіцца фрагмент драўлянага вырабу (місы) з раскопак Мінскага замчышча (1981 год, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, даследаванні археолага, доктара гістарычных навук Георгія Штыхава, частка матэрыялаў перададзена даследчыкам музею ў 2002 г.). На прадмеце выразаны надпіс, у якім добра чытаецца слова “ПОМОЗИ”. Магчыма, “Господи помози рабу…”. Значную цікавасць уяўляе комплекс знаходак XII–XIII стст. з гарадзішча Маскавічы (Браслаўскі раён), перададзены ў музей у 1994 г. археолагам Людзмілай Дучыц. Гэта вапнавы камень з геаметрычным роспісам, костка з контурным малюнкам аголенай жанчыны, а таксама некалькі прасліц са знакамі. Матэрыялы калекцыі найперш уяўляюць цікавасць як сведчанні гісторыі і вытокаў развіцця беларускага прыгожага пісьменства.