25 мая 2019 г. А 14-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на прэзентацыю альбома “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі”. Дыск змяшчае песні на вершы Станіслава Валодзькі (г. Даўгаўпілс, Латвія) у выкананні Сяргея Шабадалава, саліста ансамбля беларускай песні “Світанак” беларускага культурнага цэнтра “Крок” (г. Вісагінас, Літва).
Паэт Станіслаў Валодзька (г. н. 1956 г.) нарадзіўся ў в. Падольцы на Астравеччыне Гродзенскай вобласці, але жыццёвыя шляхі прывялі яго ў г. Даўгаўпілс (Латвія), дзе ён цяпер жыве, і сваёй творчасцю і грамадскай дзейнасцю падтрымлівае беларускую культуру Латгаліі, спрыяе ўзмацненню і пашырэнню культурных сувязей паміж Беларуссю і Латвіяй. Сёння творы сп. Валодзькі вядомы не толькі ў гэтых краінах, але і ў Англіі, Польшчы, Расіі, Украіне. Не менш плённая грамадская дзейнасць паэта: ён прымае актыўны ўдзел у правядзенні Дзён беларускай культуры, творчых вечарын, выстаў, якія ладзяцца таварыствам “Уздым” і Саюзам беларусаў Латвіі, непасрэдна ўдзельнічаў у стварэнні Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. С. Валодзька выступіў ініцыятарам стварэння і ўваходзіць у склад кіраўніцтва Асацыяцыі творчай інтэлігенцыі Даўгаўпілса “DINA-ART” і таварыства Латвійска-Беларускай садружнасці. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. За творчую і культурна-асветніцкую дзейнасць спадар Станіслаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь i памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М.А. Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”.
Паэзія яднае людзей ва ўсім свеце. Лірыка Станіслава Валодзькі вельмі музыкальная, яна прыцягвае ўвагу кампазітараў, натхняе на творчасць. У альбом “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі” ўвайшлі песні на музыку беларускіх кампазітараў М. Яцкова, С. Ціханава, А. Мядзведзева, А. Рудзя, А. Белуся, Д. Пятровіча, а таксама песні Севярына Краеўскага і Анатоля Рубінава, перакладзеныя Станіславам Валодзькам на беларускую мову з польскай і рускай. У праграме мерапрыемства аўтары раскажуць пра тое, як нараджаліся гэтыя песні, пра гісторыю стварэння альбома. Не абыйдзецца і без сюрпрызаў для слухачоў. А ўпрыгожваннем прэзентацыі стане выкананне песень Сяргеем Шабадалавым.
Шчыра запрашаем на мерапрыемства!
Уваход вольны.
Калі: 25 мая 2019 г. 14.00
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча,13)
Тэлефон для даведак: (017) 334-56-21.