![]() |
ПОСТ-РЭЛІЗ мерапрыемства “Фантастычная ноч пана Завальні” у межах Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў – 2019 |
![]() |
18 мая 2019 года ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў межах Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” прайшло мерапрыемства “Фантастычная ноч пана Завальні”. У гэты вечар адбылася таямнічая сустрэча з самім гаспадаром маёнтка і героямі цікавых гісторый яго гасцей. Удзельнікі здзейснілі займальнае падарожжа па апавяданнях Яна Баршчэўскага з яго легендарнага твора-бэстсэлера. Сапраўдным падарункам “загадкавай ночы” стала экспанаванне зборніка Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, які быў выдадзены ў 1844 годзе (з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі).
Падчас мерапрыемства адбыліся тэатралізаваныя чытанні “Біла з Болаю” Гунілы Бэргстрэм тэатрыкам “Лямцавая батлейка”. А пісьменніца Надзея Ясмінска распявала пра казачнага героя Мешу. Госці музея змаглі пабываць на лекцыі ад Вадзіма Зелянкова “Мінск у кіно”, Антаніны Хатэнка па беларускай міфалогіі, а Вольга Маркітантава і Алена Масла правялі майстар-класы па паэзіі і напісанні казак.
На працягу ўсяго вечара дзейнічала дзіцячая пляцоўка і Art-lab (арт-лабараторыя) Вольгі Лунёвай. Акрамя гэтага прагучалі выступленні тэатральнай майстэрні для дзяцей і падлеткаў “Soffit”, гурта “MorkvoЦвет”, школы танцаў ХІХ ст. “Капітэль”, скрыпічнага квартэта “Лайт-квартэт”.
У выкананні тэатральнай майстэрні “Студыёзы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва заваражыў гогалеўскі Вій.
Завяршэннем вечара стала выступленне фолк-рок гурта “BY CRY”.
Музейная ноч прайшла неверагодна!
вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Шаўчэнка