Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” запрашаюць на цыкл майстар-класаў “Беларускія рамёствы. Традыцыі і сучаснасць”.
Ці ведаеце вы ў якім посудзе гатавалі ежу нашы прабабулі і прадзядулі, з якімі цацкамі яны гулялі, як упрыгожвалі сваё жытло? А хто такія шапавалы? А навошта ў беларускіх хатах вешалі павука?
Прыходзьце на нашы майстар-класы! Тут вы атрымаеце адказы на гэтыя пытанні ды дазнаецеся пра шматлікія іншыя цікавосткі з традыцый нашых продкаў. Пад кіраўніцтвам лепшых майстроў Беларусі вы самі ўласнымі рукамі створыце цудоўныя рэчы, якія вам будуць штодня дарыць радасць, ці стануць незвычайным падарункам для блізкіх і сяброў.
У межах цыкла вас чакаюць майстар-класы па:
- валянні з воўны,
- пляценні паясоў на бердзечках,
- выцінанцы,
- саломапляценні,
- вышыўцы,
- майстар-класы па кераміцы і інш.
Першы майстар-клас па вырабе керамічных упрыгожанняў адбудзецца 15 мая.
Гліна – надзвычай пластычны прыродны матэрыял, які дазваляе ўвасобіць у жыццё практычна любыя фантазіі, ствараючы самыя розныя рэчы – ад скульптуры і посуду да керамічных пацерак.
А яшчэ лепка з гліны – гэта цудоўны від арт-тэрапіі, які дорыць шмат пазітыўных эмоцый, дае магчымасць расслабіцца і адпачыць ад штодзённай мітусні, і разам з тым “перазагрузіцца” і знайсці натхненне для новых ідэй і рашэнняў.
Падчас майстар-класу рабіць будзем керамічную птушку-брошку, якая стане эксклюзіўным упрыгожаннем для вашай любімай сукенкі, ці шалі, ці нават сумкі і будзе нагадваць пра вясну і сонца нават у самыя змрочныя дні.
Праводзіць майстар-клас Наталля Цэван – мастак, кераміст, выкладчык, член Саюза беларускіх майстроў народнай творчасці, удзельнік шматлікіх мастацкіх выставаў.
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13)
Калі: 15 мая (серада), 18:00
Кошт: 20 рублёў
Абавязковы папярэдні запіс на майстар-класы: Тэл./viber + 375 29 269 45 87
e-mail: t.pechanko@gmail.com
Запрашаем усіх цікаўных, усіх, хто любіць майстраваць і ствараць рукамі, і хто цэніць цяпло рэчаў, зробленых уручную. Спяшайцеся! Колькасць месцаў абмежаваная!
Сачыце за абвесткамі на сайтах: budzma.by і bellitmuseum.by