Увага, сябры!!!
Ужо вельмі хутка распачынае свой чарговы 6-ты сезон Музей-дача Васіля Быкава. Свае дзверы музей адчыніць 2 мая 2019 года а 12 гадзіне.
“Будаваў у Ждановічах дачу і думаў: буду пісаць! На другім паверсе, у цесным куточку. Між бярозак, што высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе…” – пісаў Васіль Быкаў у сваёй апошняй прыжыццёвай кнізе-аўтабіяграфіі “Доўгая дарога дадому”, якая выйшла ў свет у 2003 годзе. 22 чэрвеня таго ж года спыніўся жыццёвы шлях пісьменніка.
Памяць пра яго жыве ў сэрцах, у творах, у кінафільмах; своеасаблівую памяць захоўвае і невялікі двухпавярховы домік у а.г. Ждановічы. Кожны прадмет на лецішчы нагадвае пра тое, што калісьці тут кіпела жыццё, напоўненая радасцю і любоўю.
Музей-дача Васіля Быкава чакае аматараў творчасці пісьменніка і ўсіх тых, хто жадае спасцігнуць для сябе таямніцу душы класіка беларускай літаратуры, пра якога слушна сказаў народны паэт Беларусі і сябар пісьменніка Рыгор Барадулін:
“Яго натуральная культура – глыбінная. Ён увабраў у сябе ўвесь сусвет. І – меў свой сусвет. Які пакуль яшчэ недаацэнены і неспазнаны. Таму яшчэ доўга будуць пісацца даследаванні па Быкаву. І тут няма сакрэту – бо па ім, па Васілю, можна будзе зразумець таямніцу беларускай душы. А яна асаблівая…”
