Установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”, працягваючы міжнародную дзейнасць, у сакавіку 2019 года падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Фондам імя князя Канстанціна Астрожскага (г. Беласток) з мэтай захавання, вывучэння і папулярызацыі беларускай літаратурнай і гісторыка-культурнай спадчыны ў краінах знаходжання – Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліцы Польшча.
На падставе пагаднення перададзены выявы музейных прадметаў з фондаў музея для выдання падручніка па беларускай літаратуры для вучняў ІІІ класа ліцэя. Сярод іх – фотапартрэты беларускіх пісьменнікаў, рукапісы і вокладкі іх кніг, афішы да спектакляў, пастаўленых па іх творах, і інш.
Аўтарам падручніка з’яўляецца настаўнік беларускай мовы ў Беларускім ліцэі ў Гайнаўцы Янка Карчэўскі. Сам выпускнік гэтага ліцэя, аўтар падручніка “Сучасная беларуская літаратура”, спадар Янка праводзіць актыўную педагагічную дзейнасць, накіраваную на захаванне беларускай культурнай спадчыны, у рэгіёне з самай вялікай колькасцю беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы (падчас перапісу 2011 года беларускую нацыянальнасць задэкларавала тут амаль 50 000 чалавек).
Ліцэй з’яўляецца часткай Комплексу школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы. Вялікая ўвага надаецца тут пазакласнай працы (арганізацыя дэкламатарскіх конкурсаў, прадметных конкурсаў па беларускай мове, алімпіядаў па мове, правядзенне ўрокаў у Музеі беларускай культуры). Дзейнічае вакальны гурт “Знічка”, праходзяць тэатралізаваныя “Мастацкія сустрэчы школьнікаў”, арганізуюцца экскурсіі ў Беларусь.