Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Мастацка-літаратурная экспазіцыя “СВЕДКІ ВЕЧНАСЦІ”

“Сведкі вечнасці” – сумесны выставачны праект Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (ДМГБЛ) і Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго адкрыццё прымеркавана да аднаго з найважнейшых хрысціянскіх святаў – “Хрышчэнне ў Іардане”. Ключавым творам і з’яўляецца абраз, на якім увасоблены гэты біблейскі сюжэт. Усяго на выставе экспануецца больш за трыццаць твораў сакральнага жывапісу з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры і старадрукі ХVІІ – ХІХ стст. з фондаў ДМГБЛ.

Прадстаўленыя іконы і алтарныя карціны пераважна паходзяць з заходніх рэгіёнаў Беларусі. Яны даюць уяўленне пра развіццё сакральнага жывапісу на нашых землях за працяглы перыяд: ад сярэдзіны ХVІІ – да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Дэманструемыя помнікі належаць да розных хрысціянскіх канфесій: праваслаўя, каталіцтва і ўніяцтва. Тэматычна выстава складаецца з дзвюх частак: выявы розных хрысціянскіх Святых і абразы Багародзіцы ў шматлікіх варыянтах іканаграфіі.

Першая група помнікаў прадстаўлена іконамі Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі, Св. Апостала Пятра, Св. Мікалая, Арханёла Міхаіла, Св. Прарока Іллі, Св. Ганны, Св. Архідыякана Стэфана, Св. Ануфрыя Пустэльніка, Св. Марыі Егіпецкай, Св. Іаана Багаслова, Св. Аляксандра Неўскага. Кампазіцыйным цэнтрам у гэтай галерэі хрысціянскіх вобразаў з’яўляецца сюжэтны абраз, дзе прадстаўлены эпізод нараджэння Іаана Хрысціцеля.

Другая тэматычная частка выставы складаецца з разнастайных абразоў Багародзіцы. Шэраг твораў з’яўляецца спісамі шырока вядомых і мясцова шанаваных цудадзейных ікон: “Божая Маці Вастрабрамская”, “Божая Маці Бялыніцкая”, “Божая Маці Чанстахоўская”, “Божая Маці Будслаўская”, “Божая Маці Балыкінская”, “Божая Маці Пясковая”, “Божая Маці Новасвержанская”, “Божая Маці Пасаўская”, “Божая Маці Пажайская”, “Божая Маці Бярдзічаўская”. Іншыя прадстаўленыя на выставе багародзічныя творы дэманструюць сувязі мясцовага і заходнееўрапейскага жывапісу, бо ўзыходзяць да замежных першакрыніц.

Для беларускага іканапісу гэтага перыяду ўласціва наяўнасць шэрагу стылістычных плыняў. Найбольш раннія абразы на выставе, якія датуюцца сярэдзінай ХVІІ ст. з’яўляюцца сведчаннем панавання ў той час у беларускім жывапісе маньерызму. Помнікі другой паловы ХVІІ – канца ХVІІІ ст. ствараліся ў рэчышчы барока. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца абразы “Св. Мікалай”, “Прарок Ілля”, “Ганна навучае Марыю”, “Адрачэнне Апостала Пятра”, “Божая Маці Балыкінская”, “Божая Маці Пажайская”. У гэты час развіваецца і наіўнае мастацтва, чаму садзейнічала творчая праца жывапісцаў-самавукаў. На выставе гэты накірунак ілюструе абраз “Божая Маці Бярдзічаўская”. На змену барока прыйшоў класіцызм і акадэмізм. Гэта яскрава бачна на прыкладзе помнікаў сярэдзіны ХІХ ст. – “Св. Ануфрый Пустэльнік”, “Хрышчэнне ў Іардане”, дзве выявы Аляксандра Неўскага.

Большасць твораў, што і ўласціва для сакральнага мастацтва, з’яўляюцца ананімнымі: ні аўтарства, ні дата стварэння іх не вядомыя. Аднак на выставе экспануецца і ўнікальныя падпісаныя абразы: “Пахаванне Марыі Егіпецкай”, які быў створаны Бенедыктам Паўлоўскім у 1779 г. у Брэсце і “Св. Ганна з юнай Марыяй”, аўтарства Юстына Кранца 1797 г. Абразы “Св. Аляксандра Неўскага” і “Св. Ануфрыя Пустэльніка” маюць дарчыя надпісы: з іх не вядома аўтарства твораў, аднак вядомы час стварэння і дарыцелі. А для першага з названых – нават нагода напісання і ахвяравання яго ў храм: адмена прыгоннага права. Акрамя іх маюцца два багародзічныя і адзін хрысталагічны абраз, на якіх пазначаны даты стварэння.

Найбольш познім помнікам сярод экспануемых з’яўляецца “Божая Маці Чанстахоўская”, якая была напісана ў 1938 г. у Заходняй Беларусі.

Выстава працуе да 10 сакавіка 2019 года.
Наведаць яе можна кожны дзень, акрамя нядзелі і святочных дзён, з 9:30 да 17:30 (каса працуе да 17:00), а па серадах – з 9:30 да 19:00 (каса працуе да 18:30).

Тэлефон для даведак 334-56-21

Close Menu