Назіраючы за вядомымі спартоўцамі падчас чэмпіянатаў, наўрад ці хто задумваецца пра тое, як выглядалі іх першыя спробы ў абраным кірунку. Чытаючы творы вядомага пісьменніка, таксама наўрад ці нехта задумваецца пра тое, якімі былі яго першыя літаратурныя крокі: у кімсьці маглі адразу заўважыць патэнцыял, а да намаганняў іншага паставіцца даволі скептычна.
18 студзеня 2019 г. а 19-ай Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ўсіх жадаючых на вечарыну “Мой паэтычны дэбют”. Сустрэча прысвечана 110-годдзю паэтычнага дэбюта ў друку класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (газета “Наша Ніва” №1 за 1909г., верш “Над магілай”). Гісторыя прызнанага на сёння майстра беларускага слова не была пазбаўлена нюансаў, пра якія якраз і можна будзе даведацца. Гасцямі вечарыны стануць вядомыя беларускія паэты розных пакаленняў: Адам Глобус, Людміла Рублеўская, Андрэй Хадановіч, Віктар Лупасін, Уладзь Лянкевіч, Віка Трэнас, Юля Цімафеева, Георгій Барташ, Таццяна Светашова. Яны распавядуць кожны гісторыю свайго паэтычнага дэбюта ў перыядычным друку і падзеляцца тым, як яны, сённяшнія, успрымаюць тую падзею.
Мерапрыемства адбудзецца па адрасе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М.Багдановіча, 7а.
Тэл. для даведак 8-017-334 42 69.
Уваход вольны.