У г. Вілейка адкрыўся фестываль “Званы памяці”
У Вілейцы ў гонар 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны праводзіцца рэгіянальны фестываль “Званы памяці”. Арганізатары падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў: конкурсы, выставы, сустрэчы, аўтапрабегі па памятных мясцінах, прэзентацыі кніг, прагляды кінафільмаў, творчыя выступы і канцэрты. Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося 6 кастрычніка ў кінатэатры “Мір” у Вілейцы.
Важнай падзеяй адкрыцця фестывалю стала прэзентацыя выставы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім Я”. Наш музей нагадаў, што сярод пісьменнікаў, якія пісалі пра Першую сусветную вайну, а гэта Э.Хэмінгуэй, Э.М.Рэмарк, Я.Гашак, ёсць і беларус Максім Гарэцкі. Запіскі “На імперыялістычнай вайне” з’яўляюцца выдатным у сваёй праўдзівасці творам пра будні расійскіх салдат на Вялікай вайне (так яе называлі сучаснікі). Супрацоўнікі музея Вольга Шаўчэнка і Андрэй Мельнікаў правялі шэраг экскурсій па выставе, расказалі пра жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага, і пра ўплыў Першай сусветнай вайны на яго лёс. Андрэй Мельнікаў выканаў пад гітару некалькі тэматычных песень.
Фестываль працягнецца да канца кастрычніка. Запланаваны разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку прэзентацыя кнігі супрацоўніка нашага музея Сяргея Іванавіча Бяспанскага “Служа примером бесстрашия”, якая адбудзецца 17 кастрычніка ў Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Вілейкі.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры атрымаў водгук на свой удзел у Фестывалі “Званы памяці” ад Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання (ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна”):
“Шаноўныя калегі! Шчыра ўдзячны за плённае супрацоўніцтва, за цудоўны артыкул, які размешчаны ў апошнім нумары раённай газеты “Шлях перамогі” 17.10.2018”.