Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Адбылася Міжнародная навукова-практычнай канферэнцыі ХХVІ Гарэцкія чытанні

Максім Гарэцкі. “Ахвярую сваім «Я»…”19 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХVІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”. Яна стала адной з шэрагу імпрэзаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Штогод Гарэцкія чытанні, якія ладзяцца з 1992 года, збіраюць больш за 30 літаратуразнаўцаў, моваведаў, гісторыкаў і спецыялістаў у іншых галінах гуманітарнай навукі з розных рэгіёнаў нашай краіны і замежжа, каб падзяліцца думкамі і здабыткамі, вынікамі даследаванняў жыцця і дзейнасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, зрабіць крок наперад у працэсе асэнсавання жыццёвага і творчага шляху братоў.

У сёлетнім інфармацыйным паведамленні Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (пляменнік пісьменніка), робячы агляд мінулагодніх падзей гарэцказнаўства, нагадаў прысутным, што ў гэтым годзе, багатым на юбілейныя даты, мае месца і сумны “юбілей” – 10 лютага 1938 года Максім Гарэцкі быў расстраляны. Разам з тым былі ўзгаданы і радасныя юбілейныя даты. Аспірант Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандра Чарнавокая падчас пленарнага пасяджэння прысвяціла свой даклад 125-годдзю з дня нараджэння спадарожніцы жыцця Максіма Гарэцкага, — пісьменніцы і педагога Леанілы Чарняўскай. Радзім Гарэцкі звярнуў увагу на сёлетняе супадзенне юбілеяў – 125-годдзя Максіма Гарэцкага і 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Удзельнікаў канферэнцыі ў гэтым годзе віталі Анатоль Бутэвіч,— пісьменнік, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Віктар Шніп —паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Анатоль Іванавіч адзначыў важнасць маленькіх крокаў у здзяйсненні вялікіх спраў, нагадаў пра яшчэ адзін важны юбілей гэтага году – у снежні споўніцца 90 гадоў “душы і рухавіку сённяшняга гарэцказнаўства” — Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму.

Віктар Анатольевіч Шніп падчас адкрыцця канферэнцыі прэзентаваў кнігу “Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам”, укладзеную сумесна з Радзімам Гарэцкім, якая днямі выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а таксама зачытаў свае вершы, прысвечаныя Максіму.

Аздабленнем дня стала жывое слова Максіма Гарэцкага – у выкананні паэткі Веры Буланда ўдзельнікі і госці канферэнцыі пачулі літаратурную замалёўку паводле апавядання “Панская сучка”.

Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі плануецца выдаць зборнік матэрыялаў.

Творчая спадчына Максіма Гарэцкага з’яўляецца адной з асноваў беларускай культуры ХХ стагоддзя. Яна працягвае ўплываць на новыя пакаленні беларускіх літаратараў і дзеячоў культуры ў цэлым. Тэмы, ўзнятыя і распрацаваныя Максімам Гарэцкім, — пытанне вайны і міру, ролі беларускага інтэлігента ў беларускім грамадстве, пытанне праўды жыцця і адстойванне яе ў літаратуры — надзвычай актуальныя і сёння.

Спадзяемся захоўваць вернасць добрай традыцыі – збірацца разам на Гарэцкія чытанні і ў будучыні.

Close Menu