10 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Беларускі друкар Спірыдон Собаль”, прысвечанай выбітнаму дзеячу беларускай асветы Спірыдону Собалю.
Спірыдон Собаль (па іншых звестках Багдановіч) – беларускі друкар i асветнік. Нарадзіўся каля 1580 –1590 гг. у Магілёве ў сям’i бурмістра. Пачатковую адукацыю атрымаў у Магілёве. Першыя спробы надрукаваць кнігі былі ў Кіеве, які быў цэнтрам мясцовай праваслаўнай мітраполіі.
Слынны магіляўчанін заснаваў першыя друкарні ў родных мясцінах: Куцейне, Буйнічах і Магілёве. З Кіева асветнік прывёз абсталяванне, неабходнае для друкарскай справы. Спірыдон Собаль выдаў адзін з першых на землях сучаснай Беларусі «Буквар». Дакладна вядома, што выданне першых кніг на Магілёўшчыне звязана менавіта з дзейнасцю гэтага выбітнага беларускага дзеяча. Актыўная самаадукацыя i творчая праца дазволілі яму стаць адным з самых адукаваных i культурных людзей свайго часу. Значную частку свайго жыцця Спірыдон Собаль прысвяціў кнігавыдавецкай і асветніцкай дзейнасці.
На адкрыцці выступіў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь – Алесь Александравіч Суша, які распавёў пра даследаванні старадрукаў Спірыдона Собаля ў бібліятэках і зборах Еўропы. Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Мікалаевіч Бацюкоў распавёў пра каштоўныя выданні слыннага магіляўчаніна, якія сёння знаходзяцца ў фондах Музея гісторыі Магілёва і сумесную плённую працу з Музеем гісторыі беларускай літаратуры. Іван Васільевіч Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, распавёў пра неабходнасць папулярызацыі старадрукаў шляхам іх алічбавання. Навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паліна Дзмітрыеўна Скурко расказала пра цікавыя выданні, якія захоўваюцца ў бібліятэцы, і працу аддзела над алічбаваннем старадрукаў, такіх як «Лексикон славеноросский» (прадстаўлены на часовай экспазіцыі). У гасцей адкрыцця была магчымасць сфатаграфавацца з жыхарамі Магілёва часоў Спірыдона Собаля, якія “завіталі” да нас на адкрыццё.
Праект падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі Магілёва, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я.Коласа НАН Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
На часовай экспазіцыі прадстаўлены рэдкія выданні XVII ст., у тым ліку прыжыццёвае выданне Спірыдона Собаля “Ліманар”, надрукаваны ў 1628 годзе ў Кіеве і інш. Часовая экспазіцыя будзе працаваць да 27 красавіка.
Запрашаем і Вас пазнаёміцца з ўнікальнымі выданнямі і асобай Спірыдона Собаля!
Малодшы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Аксана Жлобіч